Сорамна стала. Няўжо ж я не маю права яўна заходзiць у сад, не туляючыся па закутках, як гэты, у парваным капелюшы?..

Сметнiк i шчылiна ў паркане абрыдзелi мне, але адначасна стала цiкава: хто ж ён, гэты хлапчук? Яго аднагодкi пасуць ужо гусей, а ён марнуе найпрыгажэйшую маладосць, ацiраючыся па задворках, вывiжоўвае чужыя справы, а калi ў яго пытаюцца, дык не адказвае як след прыстойна, а ўцякае ад чужака, як трусiк.

"Пачакай ты, - падумаў я, - мяне ты тут болей не ўбачыш, а вось цябе я выследжу, што ты за перац".

Я памятаў, што ў раманах, побач з героямi i гераiнямi, бываюць такiя загадкавыя незнаёмыя, якiх трэба асцерагацца i своечасова высякаць пад корань iх iнтрыгi.

Днi за два, нiкога не пытаючыся, я ўжо ведаў усё пра таямнiчага чужака. Гэта не быў iнтрыган. Гэта быў Валек, сын дваровай пасуднiцы, якога ўсе ведалi, але нiхто iм не займаўся. Таму ў хлопца i было шмат свабоднага часу, якiм ён, пра што ведаў i я, карыстаўся не вельмi прыемным для iншых чынам.

У Валека нiколi не было бацькi, за што ўсе дакучалi яго мацi, жанчыне трошкi загарачай. На кепiкi дваровых пасуднiца адказвала крыкам i лаянкай, а таму што гэтага ёй, вiдаць, не хапала - рэшту злосцi зганяла на Валеку.

Хлопец яшчэ поўзаў на чатырох, у кашульцы, вузлам завязанай на спiне (эфект такi, як быццам яе i зусiм не было), а яго ўжо называлi знайдышам.

- Ты яго, можа, знайшоў? - пыталася тады мацi, i пачынаўся крык: - А каб вас бог пакараў, каб вас!.. А каб вам рукi i ногi!.. А каб ты згiнуў, шалудзька!..

Апошняе пажаданне датычылася Валека, якога яна тут жа кешкала нагой нiжэй таго вузла на кашулi. Малец, пакуль яшчэ быў дурны, адказваў на такi пачастунак горкiм плачам. А ўжо калi набраўся розуму, што наступiла вельмi хутка, тады маўчаў, зашыўшыся пад тапчан, за вялiкую ражку, з якое кормяць свiней. Вiдаць, баяўся, каб не ашпарылi варам, што ўжо аднойчы здарылася.



24 из 50