
Бывала i так, што Валек праседжваў пад тапчаном цэлымi гадзiнамi, пакуль дваровыя не сыходзiлiся на абед цi на вячэру. Часамi, бачачы тую дзiцячую галаву, што вытыркнулася з-пад тапчана, i тыя вочы, поўныя слёз ад нядаўняе крыўды, што цiкавалi, як гэта людзi клёцкi ядуць, парабкi пыталiся ў мацi:
- А таму, што ў капусце знайшлi, не дасцё?
- А каб ён ужо нечага разам з табою здох! - агрызалася жанчына, i хоць як раз хацела накармiць малога, цяпер не давала яму.
- Нельга ж так, каб хлопец, хоць ён i знайдыш, з голаду здыхаў, - дакаралi яе жанчыны.
- Якраз вось i здохне, на злосць вам, калi ўжо вы такiя добранькiя!..
А таму, што яна сядзела задам да тапчана, на бiтоне, Валеку пападала яе пятою ў зубы.
Тады парабкi, на злосць матцы, даставалi малога са схованкi i пачыналi кармiць.
- Ну, Валек, - гаварыў каторы, - пацалуй Бурка ў хвост, дык дамо табе клёцак.
Хлопец дакладна выконваў загад, за што глытаў вялiкiя клёцкi, нават не жуючы iх.
- Ну, а цяпер дай маме па лабацiне, дык малака дамо...
- А каб вам рукi павыкручвала! - крычала пасуднiца, а хлопец уцякаў за сваю ражку.
Часамi ён, задыханы, перапалоханы, ляцеў на двор i хаваўся ў густых кустах насупраць палаца. А калi абсыхалi слёзы - бачыў на ганку прыгожы столiк, каля яго два крэселцы, а на iх Лёню i маю сястру, якiх пакаёўка абвязвала сурвэткамi, Салюся налiвала iм суп, а панi графiня гаварыла:
- Дзьмухайце, дзецi, не паапякайцеся, не пааблiвайцеся... А мо не соладка?..
Як толькi парабкi выходзiлi на працу i ў кухнi нiкога не заставалася, пасуднiца выходзiла на двор i гукала:
- Валек!.. Валек!.. Хадзi сюды!..
Хлопец па голасу пазнаваў, што можна больш не хавацца, i бег у кухню. Там яму мацi давала лусту хлеба, драўляную лыжку i трохi баршча ў вялiзнай глiнянай мiсе, з якое ела шэсць чалавек. Ён сядзеў на падлозе, мацi ставiла мiсу яму памiж ног i, паправiўшы на спiне кашулю, казала:
