
У адпаведнасцi з абыходжаннем старэйшых я таксама быў сур'ёзны. То ж нiхто iншы, а сам ксёндз-пробашч казаў майму бацьку: "Глядзiце вы, шаноўны пане Ляснеўскi, што робiць з хлопца школа. Гэты Казя быў летась такi свавольнiк, такi ветрагон, а сёння, шаноўны мой, гэта дзяржаўная галава, гэта Меттэрнiх*..."
* Клеманс фон Меттэрнiх (1773-1859) - аўстрыйскi князь, дзяржаўны дзеяч i дыпламат.
Так вось людзi мяне паважалi. I трэба ж здарыцца, каб нейкае казяня, што анiводнага класа не бачыла, асмельвалася сказаць мне: "Такое на пана вельмi падобна". Пан?.. Таксама ўжо лiчыць сябе дарослай паненкай! Таму што ведае нейкага там Адася, дык ужо i нос задзiрае. А што той Адась? Ён скончыў трэцi клас, а я iду ў другi. Падумаеш - рознiца! Калi будзе аслом, дык я свабодна даганю яго, нават пераганю. А яшчэ i кажа мне iсцi па Зосю, нiбы я лёкайчык у яе. Паглядзiш, цi паслухаю я цябе другi раз!.. Слова гонару, што калi яна зноў скажа мне штосьцi падобнае, дык я проста... ну, пакладу рукi ў кiшэнi i адкажу: "Зашмат вы сабе дазваляеце!" А то i лепш яшчэ: "Лёнечка, бачу я, што ветлiвасцi вы не навучылiся..." Цi так нават: "Лёнечка, калi ты хочаш, каб я з табой гуляў..."
Я адчуваў, што належны адказ не прыходзiць, i гэта мяне яшчэ больш раздражняла. Вiдаць, я ажно з твару змянiўся, бо старая Вайцехова двойчы ўваходзiла ў пакой, гледзячы на мяне спадылба, i нарэшце спыталася:
