- А мае ж вы людачкi, а чаго ж гэта Казя такi маркотны?.. Цi натварыў чаго, цi з панам што-небудзь?..

- Нiчога са мной не здарылася.

- Бачу я, якое гэта нiчога, ад мяне не схаваешся. Калi ўжо ты вычварыў што якое, дык iдзi лепш адразу да бацькi - прызнайся.

- Ды нiчога я не зрабiў. Трохi стамiўся, i ўсё.

- Калi стамiўся, дык адпачнi, з'еш чаго-небудзь. Я вось табе хлеба з мёдам.

Яна выйшла i праз хвiлiну вярнулася з вялiзнай лустай, з якое ажно капаў мёд.

- Ды не буду я есцi, адчапiцеся вы!..

- Чаму гэта ты не будзеш? Бяры вось хутчэй, бо мёд па пальцах цячэ. Пад'еш, дык адразу павесялееш. Чалавека заўсёды штосьцi бярэ, калi ён галодны, а як пад'есць - адразу галава праветрыцца... Ану, бяры ў руку!

Я павiнен быў узяць, са страху, каб яна не закапала мне мёдам валасы або мундзiр. Машынальна з'еў тую лусту, i сапраўды палягчэла на сэрцы. Падумалася, што я ўжо з Лёняй як-небудзь спраўлюся i што варта было б таксама пачаставаць беднага Валека, бо калi ён той мёд мог есцi, ды, зрэшты, гэтага хлапчука я ўжо любiў.

Па маёй просьбе Вайцехова, бачачы, як памаглi яе лекi, адкроiла яшчэ большую лусту i мёду на яе таксама не пашкадавала. Я асцярожна ўзяў гэты паёк i пайшоў шукаць Валека.

Знайшоў я яго каля кухнi. З iм гутарылi, смеючыся, два парабкi, якiя толькi што прывезлi з лесу дровы.

- Калi цябе мацi яшчэ раз наб'е, - гаварыў адзiн, - дык ты вазьмi ды пайдзi ў свет. Пойдзеш?

- Але ж я не ведаю, як гэта - у свет, - адказаў Валек.

- Вазьмi боты на кiёк i абы толькi за лес. Там той свет ужо i пачнецца.

- Але ж у мяне ботаў няма.

- Дык вазьмi толькi кiёк. З кiйком i без ботаў зойдзеш...

Убачыўшы мяне, хлопец уцёк у лапухi.

- Што гэта вы яму гаворыце? - спытаўся я ў парабкаў.

- Ат, пакеплiваем сабе. Вядома ж, як з дурня.

Адчуваючы, што мёд паўзе ўжо тым часам па пальцах, я не стаў з iмi больш гаварыць, пайшоў за Валекам. Ён стаяў у пустазеллi i глядзеў на мяне.



32 из 50