
- Валек, - гукнуў я, - на табе хлеба з мёдам!
Ён не варухнуўся.
- Хадзi сюды... - сказаў я, ступiўшы некалькi крокаў наперад.
Хлопец кiнуўся ўцякаць.
- Ох, i дурны ж ты!.. Бяры хлеб, я вось тут яго палажу...
Палажыўшы лусту на каменi, я адышоўся. Але толькi тады, як я схаваўся за вугал кухнi, хлапчук падышоў да каменя, пачаў асцярожна аглядаць той хлеб, а потым з'еў яго, наколькi мне здаецца, з апетытам.
Праз нейкую гадзiну, iдучы ў бок лесу, я заўважыў, што Валек iдзе за мною воддаль. Я спынiўся - i ён таксама. Калi ж я павярнуў дахаты, ён шыбануў з дарогi ў кусты. Але неўзабаве зноў трухцеў за мной.
У той дзень я даў яму хлеба яшчэ раз. Узяў з рукi, але яшчэ ўсё пабойваючыся, i адразу ўцёк. Аднак з таго часу ён пачаў хадзiць за мною заўсёды воддаль.
З самага ранку хлопец кружыў перад нашымi вокнамi, як птушка, якой спрыяльная рука пасыпае зярнят. Увечары садзiўся перад кухняй i глядзеў на нашы вокны. I толькi як гасла святло, ён iшоў спаць на посцiлцы за печчу, дзе над галавой яго не змаўкалi цвыркуны.
Некалькi дзён пасля першай сустрэчы з Лёняй, паддаўшыся Зосiным угаворам, я пайшоў з ёю ў парк.
- Ты ведаеш, - запэўнiвала мяне сястра, - што Лёня вельмi табой зацiкавiлася. Увесь час гаворыць пра цябе, злуецца, што ты тады не вярнуўся, дапытваецца, калi ты прыйдзеш.
Нiчога дзiўнага, што я паддаўся, тым больш што i самога мяне цягнула да Лёнi. Здавалася, што толькi тады закончыцца мая туга, выклiканая Юзевай смерцю, калi я пачну хадзiць з Лёняй пад ручку i весцi сур'ёзныя гутаркi. А пра што iменна? - гэтага я дагэтуль не ведаю. Я адчуваў толькi, што хочацца хораша гаварыць, шмат гаварыць i мець аднаго толькi слухача - Лёню.
Ад думкi пра такiя праходкi ўдваiх штосьцi ў грудзях маiх iграла, як арфы, мiгацела, як сонца ў кроплях расы. Аднак рэчаiснасць не заўсёды адпавядае летуценням. Бо як толькi сястра прывяла мяне на сустрэчу з Лёняй, я звярнуўся да яе з намерам распачаць нашу iдэальную гутарку так:
