
- Цi любiце вы лавiць рыбу?
У гэты момант дзяўчаты ўзялiся пад рукi, пачалi шаптацца, бегаць па алеi i смяяцца, як ашалелыя. Аслупянеўшы, я круцiў у руках вудачку, з-за якое ледзь не атрымаў ад сiвага каня капытам за тое, што рваў з яго хваста валасенне.
Я ўжо хацеў пакрыўджана адысцiся, але дзяўчаты вярнулiся i Зося сказала:
- Лёня просiць цябе, каб вы адно аднаму гаварылi па iменi.
Я пакланiўся моўчкi, заклапочана, а яны зноў засмяялiся i пабеглi ў бок сажалкi.
- Вы ведаеце... - пачала Лёня, але адразу ж паправiлася: - Ты ведаеш, Зося, што мама рашуча не дазваляе нам плаваць у чоўне. Я сказала, што нас будзе вазiць твой брат, аднак мама...
Яна даўгавата шаптала штосьцi Зосi на вуха, i я адразу здагадаўся, пра што. Мама, напэўна ж, баiцца, каб я не патапiў дзяўчат - я, такi плывец, вучань другога класа!..
Мне стала сорамна. Лёня заўважыла гэта i раптам сказала:
- А вы нам...
Зноў паправiла сама еябе:
- Папрасi, Зося, брата, каб ён нарваў нам белых гарлачыкаў. Яны такiя прыгожыя, а я нiколi iх у руках не трымала.
Я адразу павесялеў. Цяпер можна i паказаць, што я ўмею.
У сажалцы расло шмат гарлачыкаў, аднак не каля берага, а трохi далей. Я выламаў прут i ўвайшоў у човен, якi захiстаўся.
У гарлачыкаў калiвы нiбы пружыняць. Зачэпiш дубцом - наблiзяцца, а потым зноў адплываюць. Я выламаў даўжэйшы дубец, з нейкiм нiбы кручком на канцы. На гэты раз пашанцавала. Моцна падчэплены гарлачык падплыў вось-вось... Я працягнуў левую руку - яшчэ далекавата. Укленчыў на самым носе лодкi, перахiлiўся i ўжо хацеў iрвануць тую лiлiю, ды раптам - ба-бух у ваду! Дубец мой вывалiўся з рукi, а гарлачык - адплыўся.
Дзяўчаты - у крык... Я крычу: "Гэта нiчога! Нiчога! Тут мелка!.." Вылiваю ваду з шапкi, надзяваю яе на галаву i, брыдучы па пахi ў вадзе, а па каленi ў гразi, iрву гарлачыкi - адзiн, другi, трэцi, чацвёрты...
