Часамi я паварочваўся дагары тварам, галавой нiжэй за рэшту цела. Лiстота, што варушылася ад ветрыку, песцiла мой твар, а я глядзеў у вялiзнае неба i з неабдымным задавальненнем уяўляў, што вось мяне - зусiм няма. Лёня, Зося, парк, абед дый школа з панам iнспектарам здавалiся сном, што быў калiсьцi, але прайшоў, можа, сто год таму назад, а можа, i тысячу. Бедны Юзя ў небе, вiдаць, адчувае цяпер тое самае. Якi ён шчаслiвы!..

Нарэшце мне ўжо i ажынаў не хацелася. Я адчуваў, як ласкава гойдаюць мяне кусты, бачыў кожную хмарку, што паволi плыла па блакiце, чуў шалясценне кожнага лiста, а сам анiчога не думаў. Ды тут мяне штосьцi тузанула. Я ўсхапiўся, не разумеючы, што да чаго. Нейкi момант было цiха, як i раней, а потым пачуўся Лёнiн плач i крык:

- Зося!.. Панна Клеменцiна!.. Памажыце!..

Гэта страшна, калi дзiця крычыць: "Памажыце!.." У галаве маёй мiльганула слова "змяя!". Калючыя кусты хапалi мяне за вопратку, аблытвалi ногi, тузалi, адпiхалi... не, яны моцна трымалi мяне, не пускалi, як быццам жывая пачвара, а Лёня тым часам крычала: "Памажыце!.. Божа мой, божа!.." I я адчуваў толькi адну, як сонца, ясную рэч, што неабходна цi памагчы, цi загiнуць самому.

Стомлены, паабдзiраны, а найбольш перапалоханы, я прадзёрся нарэшце туды, адкуль чуўся Лёнiн плач.

Яна сядзела на кусце, дрыжала, ломячы рукi.

- Лёня!.. Што з табой? - першы раз звярнуўся я да яе па iменi.

- Аса!.. Аса!..

- Аса? - паўтарыў я, кiдаючыся да Лёнi. - Укусiла цябе?

- Яшчэ не, але...

- Дык што...

- Лазiць па мне...

- Дзе?

З вачэй яе цяклi слёзы. Яна вельмi саромелася, але страх перамог.

- Залезла ў панчоху... Божа мой, божа... Зося!..

Я стаў перад ёю на каленi, але шукаць асу яшчэ не асмельваўся.

- Дык вымi ты яе, - сказаў я.

- Я ж баюся. О божа!..



41 из 50