Лёня дрыжала як у лiхаманцы. I я праявiў звышсмеласць.

- Дзе яна ў цябе?

- Цяпер ходзiць па калене...

- Няма яе нi тут, нi тут.

- Яна ўжо вышэй... Ах! Зося, Зося!..

- Дык i тут жа яе няма...

Лёня закрыла твар рукамi.

- Вiдаць, яна ў сукенцы схавалася... - сказала, яшчэ горш заплакаўшы.

- Злавiў! - закрычаў я. - Гэта ж муха...

- Дзе?.. Муха?.. - спыталася Лёня. - I праўда муха! Ах, якая вялiкая... А я была ўпэўнена, што гэта аса. Я думала, што памру... Божа! Якая я дурная.

Выцерла вочы i адразу пачала смяяцца.

- Забiць яе цi выпусцiць? - спытаўся я, паказваючы Лёнi няшчасную муху.

- Як сабе хочаш, - адказала Лёня зусiм ужо спакойна.

Я хацеў муху забiць, але - не хапiла рашучасцi. А таму, што i крылы, i ўся яна была вельмi памятая, я асцярожна палажыў яе на лiсце.

А Лёня тым часам вельмi ж прыглядалася да мяне.

- Што з табой, - спыталася яна раптам.

- Нiчога, - адказаў я, намагаючыся засмяяцца.

I тут адчуў, што сiлы раптоўна пакiдаюць мяне. Сэрца бiла, як звон, у вачах пацямнела, халодны пот выступiў на ўсiм целе, i, стоячы на каленях, я захiстаўся.

- Што з табой, Казя?

- Нiчога... Толькi я думаў, што з табой здарылася няшчасце...

Каб Лёня не абхапiла мяне, не палажыла маю галаву сабе на каленi, я разбiў бы нос аб зямлю.

Нейкая цёплая хваля шуганула ў маю галаву, пачуўся шум у вушах i зноў Лёнiн голас:

- Казя!.. Мiлы Казя... Што з табой?.. Зося!.. Божа мой, ён самлеў... Што ж мне няшчаснай рабiць?..

Яна абняла мяне аберуч за галаву i пачала цалаваць. На ўсiм твары я адчуваў яе слёзы. Мне было так шкада яе, што, сабраўшы рэшткi сiл, я сяк-так падняўся.

- Ды нiчога мне... Ты не бойся, - вырвалася з маiх грудзей.

I сапраўды, слабасць прайшла таксама хутка, як i прыйшла. У вушах перастала шумець, у вачах пасвятлела, я ўзняў галаву з Лёнiных каленяў i, гледзячы ў яе вочы, пачаў смяяцца.



42 из 50