Цяпер i Лёня ўжо смяялася.

- Ах ты, нягодны, ах ты, нядобры, - гаварыла яна, - столькi мне страху нарабiў. Як жа гэта ты з-за такога глупства самлеў?.. Калi б гэта нават i аса была, яна ж не з'ела б мяне... А што я тут з табой рабiла б?.. Нi вады, нi людзей, Зося кудысьцi пайшла, а мне самой трэба было б ратаваць такога вялiкага хлопца. Сорам табе!

Вядома ж, я саромеўся. Цi ж можна было так палохаць яе?

- Ну, як табе? - пыталася Лёня. - Эх, вiдаць, ужо лепш, бо ты не такi бледны. Раней ты быў - як палатно... Аднак i я, - дадала яна, пачакаўшы, здорава буду выглядаць, калi мама пра гэта даведаецца!.. Ах, божа мой, страшна нават дадому вяртацца...

- Пра што мама даведаецца? - спытаўся я.

- Пра ўсё, а найгорш - пра асу...

- Дык не кажы нiкому.

- Што з таго, што я не скажу, - амаль прашаптала яна, адвёўшы ўбок вочы.

- Можа, ты думаеш, што я скажу? - спытаўся я. - Далiбог, нiкому анi слова.

- А Зосi?.. З ёю можна сакрэтнiчаць.

- I Зосi не скажу. Нiкому.

- Дый без гэтага ўсе даведаюцца. Ты такi падзёрты, абадраны... Аднак, пачакай!.. - дадала яна праз момант i абцерла хусткай мой твар. - Божа мiлы, я ж цябе нават, ты ведаеш, i пацалавала са страху, не ведаючы, што рабiць. Калi б хто пра гэта даведаўся, я б згарэла б ад сораму, хоць i з асой таксама ж клопат быў. Ах, колькi бяды праз цябе...

- Ды няма табе чаго баяцца, - пацяшаў я.

- Якраз няма чаго! Усё выйдзе наверх, бо ў цябе поўна лiсця ў валасах. Зрэшты, чакай, я цябе прычашу. Каб толькi Зося не падглядала з-за якога-небудзь куста. З ёю можна сакрэтнiчаць, аднак усё-такi...

Лёня выняла са сваiх валасоў напаўкруглы грэбень i пачала мяне прычэсваць.

- Ты заўсёды расстрэсены, - гаварыла. - Ты павiнен прычэсвацца так, як усе паны. Вось так!.. Прабор з правага боку, а не з левага. Калi б у цябе валасы былi чорныя, ты быў бы такi прыгожы, як жанiх мае мамы. А таму, што ты бландзiн, я прычашу цябе iнакш. Ты цяпер будзеш, як анёлак, што пад мадоннай. Ведаеш, якi... Шкада, што ў мяне няма люстэрка.



43 из 50