Павялi ў палац. На тэрасе я ўбачыў бацьку, панi графiню ў павалочыстай сукнi, графiньку, апранутую даволi куца, i маю сястру, што плакала разам з графiнькай; потым убачыў ключнiцу Салюсю, камердзiнера, лёкая, буфетнага хлопца, кухара, кухарчука i цэлы рой пакаёвак, швачак i дваровых дзяўчат. Калi я паглядзеў у другi бок - там, за будынкамi, былi верхавiны лiпаў, а трохi далей - жаўтлява-карычневы слуп дыму, што нiбы знарок уздымаўся над пажарышчам.

Тут я прыпомнiў словы арганiста, якi гаварыў, што сына такога застрэлiў бы, i зрабiў з гэтага вывад, што калi ўжо да гэтага дойдзе, дык, мусiць, iменна сёння. Спалiў хляўчук, сапсаваў ключ ад свiрна; сястра плача, уся служба, у поўным зборы, стаiць перад палацам - як гэта разумець?.. Я глядзеў толькi, цi тут кухар са сваёю стрэльбай, - гэта яго абавязкам было страляць зайцоў i смяротна хворую свойскую жывёлу.

Прывялi мяне да самой панi графiнi. Яна паглядзела на мяне сумнымi вачыма, а я, склаўшы рукi назад, бо так прывык машынальна рабiць, стаяў перад бацькам, а галаву задзёр угару, бо панi была высокая.

Так мы i пазiралi адно на аднаго некалькi хвiлiн. Служба маўчала, а ў паветры пахла гарам.

- Мне здаецца, пане Ляснеўскi, што гэты хлопчык вельмi жывы па характару? - мiлагучна сказала панi графiня майму бацьку.

- Лайдак!.. Падпальшчык!.. Сапсаваў такi ключ! - адказаў бацька, а потым хутка дадаў: - На каленi, зладзюга ты, перад паняй!..

Ён злёгку падштурхнуў мяне наперад.

- Хочаце забiць, дык забiвайце, а я перад нiкiм не стану на каленi! адказаў я, не зводзячы вачэй з панi, якая зрабiла на мяне дзiўнае ўражанне.

- Ах, мая долечка!.. - зжахнулася, склаўшы рукi, Салюся.

- Супакойся, мой хлопчык, нiхто цябе тут не пакрыўдзiць, - сказала панi.



6 из 50