
- Якраз нiхто... Як быццам я не ведаю, што вы мяне застрэлiце... Так жа мне абяцаў арганiст! - запярэчыў я.
- Ах, мая долечка!.. - зноў зжахнулася ключнiца.
- Старасць маю ганьбiць! - грымнуў бацька. - Скуру здзёр бы з нягоднiка i соллю пасыпаў бы, каб панi графiня не ўзяла яго ў абарону.
Кухар, якi стаяў у кутку тэрасы, ажно ссiнеў ад смеху, прыкрыўшы рот рукою. Я не мог вытрымаць i паказаў яму язык.
Служба зашапацела здзiўлена, а бацька, схапiўшы мяне за плячо, гукнуў:
- Ты гэта што?.. Каля панi графiнi - язык салапiць?..
- Я паказаў язык кухару, бо ён думаў, што застрэлiць мяне, як старога буланага...
Панi графiня яшчэ больш пасумнела. Адгарнула з майго лба валасы, зблiзку паглядзела ў вочы i сказала майму бацьку:
- Хто ведае, пане Ляснеўскi, што яшчэ будзе з гэтага дзiцяцi?..
- Шыбенiк! - адрэзаў заклапочаны бацька.
- Невядома, - не згадзiлася панi, гладзячы мае шорсткiя валасы. - Трэба было б у школу яго аддаць, а то здзiчэе тут.
Потым яна, адыходзячы ў салон, сказала прыцiшана:
- З гэтага матэрыялу будзе чалавек, пане Ляснеўскi... Трэба толькi яго вучыць.
- Будзе па вашай волi, панi графiня! - адказаў бацька, даўшы мне па карку.
Усе пайшлi з тэрасы, а я застаўся, нiбы скамянеўшы на месцы, глядзеў на дзверы, у якiх знiкла наша памешчыца. Толькi цяпер я з жалем падумаў, што дарма не стаў перад ёю на каленi, а ў грудзях мяне штосьцi душыла. Калi б яна загадала, я ахвотна лёг бы на пажарышчы хлеўчука i памаленьку спёкся б. Не за тое, што яна не загадала кухару застрэлiць мяне або адлупцаваць, але за тое, што ў яе такi салодкi голас, такi журботны позiрк.
Пачынаючы з гэтага дня, у мяне было менш свабоды. Панi графiня не хацела страцiць у полымi рэшту сваiх будынкаў, бацьку было прыкра, што ён не змог разлiчыцца са мной за спалены хляўчук, а мне самому трэба было рыхтавацца паступаць у школу. Вучылi мяне арганiст i вiнакур, на змену. Была нават гаворка, што некаторыя прадметы будзе выкладаць гувернантка з палаца. Аднак калi тая дама, пазнаёмiўшыся са мной, убачыла, што ў кiшэнях маiх поўна нажоў, камення, шроту i пiстонаў, так спалохалася, што сустракацца са мной другi раз не захацела.
