- Я такiм бандытам урокаў не даю, - сказала яна маёй сястры.

А я тады стаў ужо значна сур'ёзнейшы. Толькi аднойчы хацеў паспрабаваць павесiцца. Але трапiўся нейкi iншы занятак, дык я i не зрабiў самому сабе нiчога дрэннага.

Нарэшце, у пачатку жнiўня мяне завезлi ў школу.

Дзякуючы рэкамендацыйным лiстам панi графiнi экзамены я паздаваў зусiм добра, пасля чаго бацька ўладзiў мяне на кватэру, дзе i харчаванне, i рэпетытар, i сямейная апека ды ўсё iншае за дзвесце злотых i пяць карцоў* натураплаты за год, а таксама справiў мне школьную форму.

* Карэц - даўнейшая мера, каля 129-цi кiлаграмаў.

Новая вопратка так спадабалася мне, што я не змог нацешыцца ёю за ўвесь дзень, устаў цiхутка ноччу, упоцемку надзеў мундзiр з чырвоным каўняром, шапку з чырвоным аколышам i хацеў пасядзець так некалькi хвiлiн. Таму, аднак, што ноч была дажджлiвая, з дзвярэй трохi цягнула, а я, не лiчачы мундзiра i шапкi, быў без нiчога, узяў ды задрамаў i праспаў да ранiцы ў новай форме.

Такi спосаб начавання развесялiў маiх сябрукоў, але ў гаспадара нашай кватэры абудзiў падазрэнне, што дома ў яго завёўся незвычайны свавольнiк. Гаспадар пабег у заезд, дзе спынiўся мой бацька, i сказаў яму, што нi за якiя грошы не будзе трымаць мяне на кватэры, хiба што бацька дадасць яму пяць карцаў бульбы на год. Пасля доўгага торгу сышлiся на трох карцах, бацька затое развiтаўся са мной такiм чынам, што я i не шкадаваў, калi ён паехаў, i не сумаваў па доме, дзе мне часцей даводзiлася б адчуваць такую самую прыхiльнасць.

Мая вучоба ў першым класе не вызначылася якiмi-небудзь незвычайнымi падзеямi. Сёння, гледзячы на той час з гiстарычнай адлегласцi, як вядома, неабходнай для аб'ектыўнага погляду на рэчы, хачу прызнацца, што ў агульных рысах жыццё маё не надта змянiлася. У школе трохi даўжэй сядзелася ў закрытым памяшканнi, дома - часцей бегалася па вольнай прасторы. Я змянiў цывiльную вопратку на школьную форму, а асобы, што працавалi над гарманiчным развiццём маiх фiзiчных i духоўных здольнасцей, замест нагайкi карысталiся розгамi.



8 из 50