Цяпер iсцi было лягчэй, i затэпалi ўсе чатыры нагi, панцыр, пагойдваючыся, папоўз наперад. Насустрач ехала адкрытая машына, за рулём сядзела жанчына гадоў сарака. Яна заўважыла чарапаху i крута збочыла ўправа, шыны вiскнулi, узвiхрыўся пыл. Пярэднiя колы на iмгненне падскочылi ў паветра i адразу апусцiлiся. Шыны зноў счапiлiся з палатном дарогi, i машына пайшла далей, толькi не так хутка, як раней. Чарапаха схавалася ў панцыр, але цяпер зноў высунулася з яго i пачала паспешлiва перабiраць нагамi, бо бетон быў пякучы.

Наперадзе паказаўся невялiчкi грузавiчок, i, пад'ехаўшы, шафёр убачыў чарапаху i скiраваў проста на яе. Пярэдняя шына чыркнула па самым краi панцыра, падкiнула чарапаху ўгору, як завостраны шпянёк, закруцiла, як манету, i чарапаха скацiлася з шашы. А грузавiчок зноў вярнуўся на правы бок дарогi. Чарапаха доўга ляжала на спiне, схаваўшыся ў панцыр. Нарэшце высунулiся ногi, заварушылiся, шукаючы апоры, каб перавярнуцца. Пярэднiя лапы намацалi абломак кварцу, панцыр пачаў пераварочвацца i неўзабаве плёхнуўся на траву купалам угору. Каласок аўсюка вывалiўся, i тры востраканечныя зернеткi ткнулiся ў зямлю. Чарапаха папаўзла з насыпу i сваiм нiжнiм шчытком прысыпала iх пяском. Потым выбралася на палявую дарогу i, паторгваючыся, пасунулася па ён, выворваючы панцырам плыткi хвалiсты равок у пыле. Старэчыя насмешлiвыя вочы глядзелi проста наперад, арагавелая дзюба трохi разявiлася, лапы з жоўтымi кiпцямi раз-пораз слiзгалi па пыле.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

Калi Джоўд пачуў, што грузавiк зрушыў з месца i паехаў, набiраючы хуткасць, а дарога перарывiста загула пад напорам гумавых шын, ён спынiўся, павярнуўся i глядзеў яму ўслед, пакуль машына не знiкла з вачэй. Ён так i застаўся стаяць, узiраючыся ў мiгатлiвае блакiтнае марыва. У задуменнi выняў з кiшэнi сваю пляшку, адкруцiў металiчны каўпачок, асцярожна пацягнуў з рыльца, правёў у iм языком i аблiзаў губы, каб да канца адчуць смак вiскi.



16 из 513