
Дзецi стаялi побач, выводзячы пальцамi босых ног узоры на пыле, i таксама старалiся чуццём выведаць, цi хопiць сiлы ў гэтых мужчын i жанчын. Дзецi кiдалi косыя позiркi на дарослых i асцярожна чыркалi па пыле нагамi. Конi падыходзiлi да вадапойных карытаў i, матаючы мордамi, разганялi налёт пылу на паверхнi вады. Нарэшце з твараў мужчын сышла роспачная атарапеласць i ўступiла месца злосцi, лютасцi i ўпартасцi. I тады жанчыны зразумелi, што ўсё абышлося, што мужчыны не зламаюцца. Яны пыталiся ў iх: што ж цяпер рабiць? Мужчыны адказвалi: самi не ведаем. Але цяпер было ўжо не страшна, i дзецi таксама зразумелi - не так страшна. Жанчыны i дзецi цвёрда ведалi: няма такой бяды, якую нельга сцярпець, абы толькi мужчын яна не зламала. Жонкi вярнулiся да хатнiх спраў, дзецi занялiся гульнёй, але напачатку не вельмi дурэлi. На працягу дня сонца з кожнай гадзiнай рабiлася ўсё менш чырвоным. Яно палiвала спёкай укрытую пылам зямлю. Мужчыны сядзелi на ганках сваiх дамоў - хто круцiў у руках пруток, хто падкiдваў i лавiў далонню каменьчык. Сядзелi моўчкi... думалi... разважалi...
РАЗДЗЕЛ ДРУГI
Каля прыдарожнага рэстаранчыка-бара стаяў вялiзны грузавы аўтафургон. Вертыкальная выхлапная труба глуха вуркатала, над ёю слаўся ледзь бачны воку шызаваты дымок. Зусiм новенькi грузавiк паблiскваў свежай чырванню, футавыя лiтары па баках абвяшчалi: ТРАНСПАРТНАЯ КАМПАНIЯ АКЛАХОМА-СIЦI. Шыны на падвойных колах былi новыя, на засаўцы шырокiх заднiх дзверцаў стаяў тарчком медны вiсячы замок. За загароджанымi сеткамi дзвярыма i вокнамi бара iграла радыё - спакойная танцавальная музыка, уключаная зусiм цiха, як бывае, калi няма каму слухаць. Маленькi вентылятар бязгучна круцiўся ў круглым гняздзе над уваходам, мухi зласлiва гулi, б'ючыся аб металiчныя сеткi. У бары быў толькi адзiн наведнiк - вадзiцель грузавога фургона. Ён сядзеў на табурэце каля стойкi, абапершыся на яе локцямi, i паўзверх шклянкi з кавай глядзеў на хударлявую буфетчыцу, якая нудзiлася ад самоты. Ён вяла перакiдваўся з ёю словамi, пераскокваючы з аднаго на другое, - такiя гутаркi часта заводзяцца мiж людзьмi ў прыдарожных барах. Шафёр сказаў: