Калi не маеш характару, трэба выпрацаваць у сябе, прынамсi, нейкую методу. Тут яна, бясспрэчна, зрабiла цуды, i вось я жыву на месцы аднаго з сама вялiкiх злачынстваў у гiсторыi. Мусiць, якраз гэта дапамагае мне разумець нашага гарылу i прычыны яго недаверлiвасцi? Дзякуючы гэтаму я магу змагацца з сваёю прыроднаю схiльнасцю, да ўсiх ставiцца спагадна. Калi я бачу новы твар, нехта крычыць ува мне: "Цiшэй. Небяспека!" I нават калi мяне вабiць да каго-небудзь неадольна, я па-ранейшаму пiльны.

Ведаеце, падчас адной карнай экспедыцыi ў нашай вёсцы нямецкi афiцэр вельмi ласкава папрасiў старую кабету, каб яна сама выбрала, каторага з яе двух сыноў расстраляць як заложнiка. Каб сама выбрала - вы ўяўляеце? Гэтага? Не - таго. I потым глядзець, як яго павялi. Не будзем кiдацца ў крайнасцi, але, паверце, у гэтым свеце ўсё магчыма. Я ведаў, аднаго крыштальна чыстага чалавека, якi ўсiм сваiм нутром не прызнаваў недаверу. Гэта быў пацыфiст, прыхiльнiк неабмежаванай чалавечай свабоды, ён любiў непадзельнай любоўю ўсё чалавецтва i ўсiх звяроў на зямлi. Выбраная душа, гэта ўжо пэўна! I вось, калi пачалiся сучасныя рэлiгiйныя войны ў Эўропе, ён падаўся на вёску. I на парозе сваёй хаты напiсаў: "Адкуль бы вы нi прыйшлi, уваходзьце, вы тут - жаданыя госцi!" Хто ж, на вашу думку, адгукнуўся на гэта ласкавае запрашэнне? Фашысцкiя памагатыя. Яны ўвайшлi да яго, як у сваю хату, i выпусцiлi яму кiшкi.

О, прабачце, панi! Зрэшты, яна нiчога не зразумела. А як людна, га? I гэта нягледзячы на тое, што ўжо позна i некалькi дзён бесперастанку лье дождж. На шчасце, ёсць ядлаўцоўка, адзiны светлы праменьчык у гэтым змроку. Вы адчуваеце, як яна запальвае ў вас свой залацiста-жоўты агонь? Люблю вось так, вечарамi, хадзiць па горадзе i адчуваць, як ядлаўцоўка грэе мне кроў. Часам я магу хадзiць цэлую ноч i ўсё думаю, мару. Цi размаўляю сам з сабой. Вось як цяпер, ваша праўда. Але баюся, я вас ужо натамiў? Дзякуй, вы вельмi ласкавы. Я, ведаеце, увесь перапоўнены, досыць разявiць рот, i словы цякуць, цякуць... Бадай, мяне натхняе гэта краiна. Я люблю гэты люд, што кiшыць на ходнiках, зацiснуты ў вузкай прасторы памiж каналаў i дамоў, абложаны з усiх бакоў туманам, настылай зямлёй i морам, над якiм падымаецца пара, як над лугаванай вадой. Я люблю яго за тое, што ён таксама дваiсты. За тое, што ён тут i недзе вельмi-вельмi далёка.



6 из 90