Праўда-праўда! Не верыце? Вы, пэўна, бачыце, як важка яны ступаюць па гэтым брудным бруку, як грузна плiшчуцца мiж сваiх дробных крам, заваленых залачонымi селядцамi i каштоўнасцямi колеру апалага лiсця, i думаеце, што ў гэты вечар яны тут? Значыць, вы - як усе. Вы прымаеце гэтых слаўных людзей за племя сiндыкаў i гандляроў, якiя лiчаць свае грошы, спадзеючыся на вечнае жыццё, i робяцца лiрыкамi адно тады, калi надзяюць капялюш з шырокiм брылём, каб крыху павучыцца анатомii. Але вы памыляецеся. Яны сапраўды праходзяць побач з намi, але зiрнiце, дзе iх галовы: яны там, у гэтай неонавай смузе, што пахне ядлоўцам i мятай, спускаючыся з чырвона-зялёных шыльд. Галандыя - гэта сон, пане, залацiсты, смужлiвы сон, больш залацiсты ўначы, болей смужлiвы ўдзень, але i ўдзень i ўначы ён населены Лаэнгрынамi - вось такiмi, як гэтыя, што летуценна коцяць на сваiх чорных роварах з высокiмi рулямi - бы на жалобных лебедзях, што безупынна кружаць па ўсёй краiне, уздоўж каналаў i марскiх берагоў. Яны мрояць, ахунутыя ў мядзяную смугу, дрымотна кружацца на месцы i шэпчуць свае малiтвы ў залатым туманным фiмiяме. Яны ўжо не тут. Яны за тысячы кiламетраў, на дарозе да далёкай выспы Явы. Яны моляцца гэтым вычварным iнданезiйскiм бажкам, якiмi ўпрыгожаны ўсе iх вiтрыны, гэтым бажкам, якiя лунаюць цяпер па-над намi, раней чым учэпяцца, нiбы раскошныя малпы, за нейкую шыльду цi ступеньчаты дах, каб нагадаць гэтым самотным каланiстам, што Галандыя - не толькi гандлёвая Эўропа, але i мора - мора, якое вядзе да Сiпанга i да тых выспаў, дзе людзi памiраюць звар'яцелыя ад шчасця.



7 из 90