- Мадам, хто ж вас прымусiў? - запытаў я. - Наколькi мне вядома, у вас не было асаблiвых прычын баяцца немцаў. Я разумею, што вам не хацелася жыць пры iх; аднак па сваёй волi адплываць у чужую краiну, выгнаннiкамi, не ведаючы мовы...

- О, немцы тут нi пры чым. Мы прыехалi сюды яшчэ да вайны, - журботна прамовiла яна.

Яе муж падняўся, прачынiў дзверы ў калiдор, каб праверыць, цi не падслухоўвае хто, замкнуў iх, потым, вярнуўшыся, сеў i цiха сказаў мне:

- Я вам усё растлумачу. Мы ведаем, што вы чалавек стрыманы, i ахвотна выслухалi б вашу параду. Ёсць у мяне амерыканскi адвакат. Але вы мяне лепш зразумееце... Дык вось... Не ведаю, цi помнiце вы, што, як прыйшоў да ўлады Народны фронт, мы палiчылi небяспечным трымаць нашы залатыя злiткi ў французскiм банку. Нам удалося знайсцi спосаб пераправiць iх, надзейна i ўпотай, у Злучаныя Штаты. I, натуральная рэч, мы вырашылi там замацавацца. I не для таго, каб не разлучацца з нашым золатам... а нейк само па сабе... У Ню-Ёрку аднак, у 1938 годзе, мы яго памянялi на даляры, бо не верылi (i мелi падставу), што Амерыка дапусцiць новую дэвальвацыю. Апроч таго, добра iнфармаваныя людзi нам сказалi, што Расея збiвае цану на золата, разгарнуўшы ў Сiбiры геалагiчныя пошукi... Але тут была праблема: у якой форме захоўваць нашы грошы? Рахунак у банку? У папяровых далярах? У акцыях? Калi б мы накупiлi амерыканскiх аблiгацый, нас бы прымусiлi плацiць падаходны падатак, а ён тут вельмi вялiкi. I мы ўсё пакiнулi ў папяровых далярах.

Я не стрымаўся i перабiў яго:

- Значыцца, каб не плацiць пяцьдзесят працэнтаў падатку, вы гатовы выкiнуць на вецер усе сто?

- Тут iншая прычына, - прамовiў ён таямнiчым голасам. - Мы прадчувалi, што будзе вайна, а значыцца, рахункi ў банках могуць замарозiць, сейфы ачысцiць, тым болей, што мы не з'яўляемся амерыканскiмi грамадзянамi... I мы вырашылi трымаць нашы грошы заўсёды пры сабе.

- Пры сабе? - аслупянеў я. - Што вы такое гаворыце?.. Тут, у гатэлi?



4 из 9