Абое схiлiлi галовы з усмешкай, потым пераглянулiся, як хiтрыя змоўшчыкi.

- Так, - прамовiў ён ледзь чутна. - Так, тут, у гатэлi. Мы ўсё - даляры i трошкi золата - паклалi ў дарожны чамадан. Ён там, у нашай спальнi.

Бурдак падняўся, адчынiў суседнiя дзверы i, узяўшы мяне за руку, паказаў мне на вялiзны чорны чамадан, самы звычайны на выгляд.

- Вось... - прашаптаў ён, як святар перад алтаром, i зачынiў дзверы.

- А вы не баiцеся, - запытаў я, - што пра гэту гiсторыю са скарбам у чамадане дачуюцца? Якая спакуса для зладзеяў!

- Не, - адказаў ён. - Нiхто гэтага не ведае, апрача нашага адваката... i вас, якому я поўнасцю давяраю... Усё прадугледжана, магу вас запэўнiць. Чамадан не прыцягвае ўвагi, як, скажам, куфар. Нiхто не падумае, што там столькi багацця. А галоўнае, мы заўсёды на варце, i ўдзень i ўночы, тут, у пакоi.

- Вы нiколi не выходзiце?

- Разам нiколi! У нас ёсць рэвальвер, у шуфлядзе ў столiку каля чамадана. I хто-небудзь з нас абавязкова дзяжурыць. Я хаджу снедаць у французскi рэстаран, дзе мы з вамi спаткалiся. Мая жонка там абедае. Так што чамадан без нагляду не бывае. Вы разумееце?

- Ну, шаноўны пане Бурдак, аднаго я не разумею, чаму вы асудзiлi сябе на такое iснаванне - мiзэрнае, самотнае, як у манастыры?.. Падаткi? А што вам да iх? У вас жа столькi сродкаў, што вы маглi б жыць у раскошы да канца сваiх дзён!

- Справа не ў гэтым, - нахмурыўся ён. - Я не хачу аддаваць iм грошы, прыдбаныя мною ў вялiкiх пакутах.

Я паспрабаваў змянiць тэму гутаркi. Бурдак быў адукаваны, нядрэнна разбiраўся ў гiсторыi. Мне цiкава было паслухаць пра калекцыю аўтографаў, сабраную iм калiсьцi, але яго жонка, апантаная яшчэ больш, чым ён, павярнула зноў на ранейшае.

- Ёсць адзiн чалавек, якога я ўсё ж баюся, - сказала яна прыглушаным голасам, - гэта наш метрдатэль, немец, што прыносiць нам падсняданак. Позiрк, якi ён кiдае часам на гэтыя дзверы, мне страшэнна не падабаецца. Але ранiцай мы дома абое. Я думаю, што ў гэты час няма нiякай пагрозы.



5 из 9