I яшчэ мелi клопат - сабаку. У iх быў прыгожы пудзель, на рэдкасць разумны, якi заўсёды ляжаў у кутку гасцiнай. Але ж тры разы на дзень яго трэба было выпускаць. I яны вадзiлi яго напераменку.

Я развiтаўся.

Мне было прыкра ад iх вар'яцкай манii, дурной упартасцi, i разам з тым нешта прыцягвала мяне да гэтых незвычайных людзей.

Пасля вiзiту да iх я часта знарок пачаў раней адрывацца ад работы, каб прыйсцi на абед у "Залатую змяю" роўна а сёмай гадзiне. Тады я мог сесцi за адзiн стол з панi Бурдак. Яна не была такой ваўкаватай, як яе муж, i даволi наiўна дзялiлася са мной сямейнымi трывогамi i праектамi.

- Эжэн, - аднойчы прызналася яна, - чалавек выключнай iнтуiцыi. Ён прадугледжвае ўсё. Сёння ўночы раптам у яго з'явiлася думка, што ўрад можа абвясцiць абмен грошай, каб выбраць iх з прыватных рук, i тады мы будзем вымушаны прад'явiць свае даляры.

- Вядома. I што ж тут дрэннага?

- Гэта вельмi сур'ёзна, - сказала яна. - Мы нiчога не прад'яўлялi, калi Мiнiстэрства фiнансаў Злучаных Штатаў у 1943 годзе ўзяло на ўлiк маёмасць бежанцаў... На нас бы пасыпалiся непрыемнасцi... Але ў Эжэна ёсць новы план. Здаецца, у некаторых рэспублiках Паўднёвай Амерыкi падатак на прыбыткi не накладаецца. Калi б нам удалося туды перакiнуць наш капiтал...

- Як жа яго перакiнуць, не паказаўшы ў таможнi?

- Эжэн мяркуе, што трэба спачатку прыняць падданства тае дзяржавы, якую мы сабе выберам. Калi, напрыклад, мы станем уругвайцамi, перавод туды грошай будзе законны.

Гэта мне паказалася настолькi забаўным, што назаўтра я прыйшоў у рэстаран снедаць. Пан Бурдак, як заўсёды, сустрэў мяне з радасцю.

- О? - заварушыўся ён. - Гэта так добра, што вы якраз прыйшлi. Я хацеў у вас запытацца... Цi не ведаеце вы, якiя трэба выканаць фармальнасцi, каб стаць венесуэльцам?

- Не скажу, не ведаю.

- А калумбiйцам?



6 из 9