
П'ер ужо не спяваў, цяпер суседка з трэцяга паверха села за пiянiна; яна грала "Эцюд" Шапэна. Ева адчула сябе спакайней i ступiла была да П'ерава пакоя, як раптам спынiлася i з нейкай трывогай абаперлася спiнаю аб сцяну: кожны раз, калi яна выходзiла з пакоя, яе агортвала панiчнае пачуццё пры думцы, што туды трэба вярнуцца. Тым не менш яна разумела, што не здолее жыць больш нiдзе: гэты пакой вабiў яе, яна яго нават любiла. З халоднай цiкаўнасцю, нiбы каб выйграць хвiлiну-другую i набрацца духу, яна прабегла позiркам па салоне: нiдзе нiякага ценю, нiякага паху. "Як у чакальнi ў дантыста". Фатэлi, абабiтыя ружовым ядвабам, канапа, строгiя, сцiплыя, па-крэўнаму простыя зэдлi; добрыя памочнiкi чалавека. Ева ўявiла, як нейкiя важныя паны, апранутыя ва ўсё светлае - зусiм такiя, якiх яна бачыла толькi што за акном, - уваходзяць у гэты салон i, не спыняючы пачатай размовы, нават не турбуючы сябе тым, каб зiрнуць, куды яны трапiлi, упэўненаю хадою iдуць на самы цэнтр пакоя; а адзiн закiнуў за спiну руку, i тая валачэцца за iм, як след за караблём, - па мяккiх падушках на мэблi, па розных прадметах, сталах, а ён нават не ўздрыгваецца, сутыкаючыся з усiм гэтым. Калi ж на дарозе iм трапляецца мэбля, iм i ў галаву не прыходзiць яе абысцi, i яны, гэтыя салiдныя iмасцi, дужа спакойна перастаўляюць яе на iншае месца. I вось, нарэшце, яны сядаюць, так i не перапынiўшы сваёй размовы, так i не зiрнуўшы вакол сябе. "Салон для нармальных", - падумала Ева. Са сцiснутым трывогаю горлам яна глядзела на ручку, якую трэба было павярнуць. "Трэба iсцi. Я нiколi так доўга не пакiдаю яго аднаго". Трэба было адчынiць гэтыя дзверы; потым Ева крыху пастаiць на парозе, каб даць вачам прызвычаiцца да паўзмроку, а пакой усёй сiлай пастараецца выштурхнуць яе прэч.
