Яна павiнна будзе вытрымаць гэтае супрацiўленне i прайсцi ўглыбiню. Раптам яна адчула пякучае жаданне ўбачыць П'ера. Ёй бы так хацелася разам з iм пакпiць з свайго бацькi. Але П'еру яна была непатрэбна; Ева нават не магла прадугадаць, як ён зараз яе сустрэне. З нейкай своеасаблiваю гордасцю яна раптам падумала, што ёй ужо нiдзе няма месца. "Нармальныя лiчаць, што я яшчэ належу да iх. Але я сярод iх не здолела б заставацца гадзiны. Я хачу, я адчуваю патрэбу жыць там, па той бок гэтай сцяны. Але там мяне не прымаюць".

Усё вельмi змянiлася вакол яе: святло нiбы састарэла, яно пачынала сiвець, рабiлася цяжкiм, як вада ў вазе з кветкамi, калi яе два днi не мяняюць. Ева глядзела на рэчы, пакрытыя гэтым старым святлом, i заўважала на iх даўно забытае пачуццё меланхолii: той самай, што адчуваеш вячэрняй парой у самым канцы восенi. Яна нерашуча, амаль збянтэжана пазiрала вакол: усё гэта было так далёка - цяпер, у iхнiм пакоi не было нi дня, нi ночы, нi пары, нi меланхолii. Яна цьмяна прыгадала далёкiя-далёкiя восенi, восенi яе маленства - i раптам уся напружылася: успамiны выклiкалi ў яе страх.

Яна пачула П'ераў голас:

- Агата! Ты дзе?

- Iду! - крыкнула яна.

Яна адчынiла дзверы i прайшла ў пакой.

Густы ладанавы водар напоўнiў ёй ноздры i рот. Яна шырока распяла вочы, выставiла наперад рукi - пах i паўзмрок даўно ўжо злiлiся ў яе ў адзiнае цэлае, нешта даўкае i мяккае, нiбы вата, такое ж простае, такое ж знаёмае, як паветра, агонь цi вада, - i асцярожна рушыла да бледнай плямы, якая, здавалася, лунала ў тумане. Гэта быў П'ераў твар: П'ерава адзенне (а з той пары, як ён захварэў, ён апранаў усё чорнае) раставала ў цемры. П'ер сядзеў з закiнутаю назад галавою i заплюшчанымi вачыма. Ён быў прыгожы. Ева палюбавалася на яго доўгiя, загнутыя на кончыках вейкi i села побач на нiзкае крэсла. "Яму, напэўна, нешта балiць", - падумала яна. Яе вочы патроху прызвычаiлiся да змроку. Спачатку выплыў стол, пасля ложак, пасля П'еравы асабiстыя рэчы - ножны, слоiк з клеем, кнiгi, гербарый, рассыпаны на дыване каля фатэля.



18 из 29