- Тата, ты ведаеш, што мне сказаў Жан-Луi? Што яго вельмi крыўдзяць у школе. Што старэйшыя вучнi злыя... Адбiраюць у яго ўсё - кнiгi, цукеркi - i, калi ён не даецца, б'юць яго кулакамi, прыцiскаюць да сцяны i душаць.

- А чаму ён не абараняецца?

- Бо ён сярод iх адзiн француз, адзiн... Ён так прасiў, каб мама не пасылала яго ў манастырскую школу, а пакiнула дома, у Парыжы, але яна не хоча, бо выйшла замуж другi раз за палкоўнiка Кiрылiна, расейца, у якога страшэнна закахалася... i Жан-Луi ў доме лiшнi.

Шмiт са здзiўленнем зiрнуў на сына:

- Хто табе гэта расказаў?

- Жан-Луi.

- Жан-Луi не павiнен гаварыць пра сваiх бацькоў такiм тонам.

- Якiм тонам, тата? Ён мне сказаў, што вельмi любiць сваю маму, што яна таксама яго любiла i, калi яго тата памёр, даглядала яго вельмi добра... Але ж цяпер яна закахалася.

- Не ўжывай слоў, якiх не разумееш... Хто такая? Што за мадам Дзюжарык?

- Што ты, тата! Яна цяпер не мадам Дзюжарык, а мадам Кiрылiна. Яна вельмi прыгожая... Хочаш, я цябе праводжу ў яе купэ? Гэта блiзка.

- Ну добра, добра, малыш.

- Як ты думаеш, тата, калi ў пана Бензо ёсць старэйшыя вучнi, яны будуць мяне бiць?

- А ты дай iм здачы. Наколькi я ведаю, пан Бензо чалавек энергiчны i ўмее трымаць дысцыплiну ў сваёй школе... Iдзi да свайго сябра, гуляйце.

У Дзiжоне Шмiт выйшаў на перон i ўбачыў свайго сына з таварышам. Жан-Луi быў худзенькi зграбны хлопчык з вялiкiмi вачамi, сумнымi i глыбокiмi.

- Тата, пазнаёмся. Гэта Жан-Луi.

Бертран Шмiт паспрабаваў даць яму некалькi парад:

- Калi старэйшыя цябе не ўзлюбiлi, не ўцякай ад iх, а старайся пасябраваць... Не думаю, што яны такiя ўжо нягоднiкi.

- Хто? Гэтыя дзецюкi? - прамовiў Жан-Луi. - Яны нападаюць на мяне, як звяры... Калi што скажаш не па-iхняму, б'юць i гоняць прэч...

Паравоз даў гудка, i Ален прыбег у вагон да бацькi.



2 из 4