- Ты ведаеш, тата, што мне гаварыў Жан-Луi на пероне, калi ты падышоў да нас? Ён гаварыў: "Якi я няшчасны! Чым ехаць у гэту праклятую бурсу, лепш кiнуцца пад цягнiк. Але ў мяне не хапае смеласцi... Ален, зрабi мне паслугу, штурхнi мяне пад колы, а мая спадчына няхай застанецца табе". Ведаеш, у яго пасля смерцi бацькi ёсць спадчына, багатая... Але я не згадзiўся.

- Я думаю... Твой гэты прыяцель, вiдаць, крыху чокнуты...

- Няпраўда, ён зусiм не чокнуты. Ведаеш, тата, ён кажа, што, каб яго мама ўяўляла сабе, як яму там кепска жывецца, вечныя бойкi са старэйшымi, як ён плача ўночы, лежачы ў ложку, яна б не адважылася зноў пасылаць яго ў такую школу.

- Праводзь мяне да гэтай дамы.

Мадам Кiрылiна была жанчына красы надзвычайнай. Цiхiм, мiлагучным голасам яна выказала некалькi цiкавых, крыху журботных думак наконт дзяцiнства. Бертран як сеў, так i застаўся.

Увайшоў праваднiк, узяў чатыры бiлеты i запрасiў пасажыраў к сталу. Яны снедалi разам. Дзецi моўчкi слухалi, як бацькi ўспамiналi назвы розных кнiг, пералiчвалi iмёны кампазiтараў... Хлопчыкi адчувалi сябе забытымi. Часам Жан-Луi паглядаў на Алена, i яго вочы, здавалася, гаварылi: "Бачыш, вось яна якая..." Падняўшыся з-за стала, Бертран машынальна зайшоў у купэ мадам Кiрылiнай, а дзецi выскачылi гуляць у калiдор.

- У нашых сыноў шмат агульнага, - прамовiла яна. - Спадзяюся, што iм можна будзе там пабачыцца.

Ён хвiлiну вагаўся.

- Даруйце, - сказаў ён, - што ўмешваюся не ў сваю справу, але дзяцiная шчырасць не тоiць сакрэтаў... Я выпадкова даведаўся, i мой абавязак... Вы, мабыць, не ўсведамляеце, якi настрой у вашага сына... Ён прызнаўся майму... Даруйце, я не знаходжу слоў... Дзiця, вядома...

Мадам Кiрылiна была агаломшана. За акном вагона пачалi вырысоўвацца горы, замест камянiц пайшлi драўляныя хаткi, замест дубоў - кашлатыя елкi, у люстраныя рэчкi ўлiвалiся шумныя патокi.

- Божа мой! - прашаптала яна. - Гэта жахлiва... Беднае дзiця... Я адчувала, што ён не любiць гэтай школы, але думала, што ён лянуецца, не хоча вучыцца... А самае галоўнае, рэўнасць... Ён ненавiдзiць майго мужа, i без усякай прычыны, бо што я магу зрабiць адна ў доме? Нават i яму будзе потым моцная апора.



3 из 4