Чуваць было i жаласлiвае рыканне кароў, i вiдаць было iм пры гэтым, як трывожна кiдалiся яны туды i сюды, i, як разважылi аўчары i казапасы, гэта была пахавальная песня гавяды па сваiм мёртвым валапасе.

32

Пасля пахавання Доркана Хлоя купае Дафнiса, да нiмфаў яго адвёўшы. Тады першы раз у яго на вачах вымыла яна сваё цела, белае, чыстае ў сваёй красе, якому не трэба i купанне было, каб быць прыгожым; а пасля, назбiраўшы кветак, якiх толькi можна было знайсцi тою парою, прыбралi ў вянкi статуi, а Дорканаву сiрынгу ў ахвяру прывесiлi да скалы. Пасля гэтага яны пайшлi паглядзець сваiх коз i авечак. Але тыя ўсе ляжалi, нi травы не бралi, нi голасу не падавалi, а, як я думаю, яны, не бачачы Дафнiса i Хлоi, па iх сумавалi. Калi ж жывёла зноў убачыла iх, пачула, як заўсёды, iх воклiк i гукi сiрынгi, авечкi паднялiся i пачалi пасвiцца, а гарэзлiвыя козы скакаць наўкол, нiбы цешылiся ратунку свайго звыклага пастуха. Але ў душы ў Дафнiса не было радасцi, калi ён пабачыў Хлою голую, красу, дагэтуль прыкрытую, - адкрытаю. Сэрца яго балела, нiбы яго нейкая атрута грызла, ён то парывiста дыхаў, нiбы нехта за iм гнаўся, то задыхаўся, нiбы занямогся ад гэтай пагонi. Яму купанне ў ручаiне здалося страшнейшым за нядаўняе ў моры. Думаў, што душа ў яго ўсё яшчэ астаецца ў разбойнiкаў, бо быў малады, з вёскi i не ведаў яшчэ аб Эрасавым разбоi.

КНIГА ДРУГАЯ

1

Восень была ўжо ў самай красе, надыходзiў збор вiнаграду, i ў палях усё было ў рабоце; хто рыхтаваў нацiсi, хто чысцiў бочкi, хто кашы плёў. Той рупiўся аб маленькiх сярпах, каб зразаць вiнаградныя гронкi, а той - пра камень, каб выцiскаць з гронак сок, а яшчэ iншы - пра сухiя галiнкi, ачышчаныя ад кары, каб уночы запалiць iх i пры святле несцi дадому вiнаграднае сусла.

Не зважаючы на сваiх коз i авечак, Дафнiс i Хлоя памагалi пры рабоце. Ён прыносiў гронкi ў кашах i, ссыпаючы ў нацiсi, таптаў i разлiваў вiно ў бочкi, а яна гатавала ўсiм яду, налiвала iм пiць леташняга вiна, зрэзвала з невысокiх лоз гронкi.



16 из 75