
2
Як водзiцца на свяце Дыянiса i нараджэння вiна, жанчыны, што былi запрошаны з навакольных вёсак дапамагчы сабраць вiнаград, кiдалi вокам на Дафнiса i хвалiлi яго, кажучы, што красою ён падобны да Дыянiса. А адна адважнейшая нават так пацалавала, што ён успыхнуў, i Хлою гэта засмуцiла. Мужчыны, што рабiлi пры нацiсях, кiдалi Хлоi не адно жартоўнае слоўца, i скакалi, звар'яцеўшы, нiбы сатыры перад вакханкаю, i запэўнiвалi, што хацелi б зрабiцца авечкамi, абы толькi iх пасвiла такая пастушка; i на гэты раз яна радавалася, а ён сумаваў. I абаiм хацелася, каб як мага хучэй скончыўся збор вiнаграду i яны змаглi зноў вярнуцца ў свае звычайныя мясцiны i замест буйных выкрыкаў пачуць сiрынгу ды бляянне авечак. I калi праз некалькi дзён вiнаград быў сабраны, i сусла было ў бочках, i не было патрэбы ў мностве рук, яны зноў пагналi ў поле свае чароды; поўныя радасцi, яны пакланiлiся нiмфам, прынёсшы iм у ахвяру гронкi на лозах, - з зажынак. Яны i раней нiколi не праходзiлi безуважна паўз iх, а заўсёды, выганяючы на пашу, ушаноўвалi iх, i, з пашы вяртаючыся, пакланялiся iм, i заўсёды што-небудзь прыносiлi: цi кветку, цi плод, цi зялёную галiнку, цi вылiвалi ў ахвяру малака. Затое пазней багiнi адплочвалi iм; тады ж абое, як кажуць, нiбы спушчаныя з прывязi сабачкi, скакалi, iгралi на сiрынзе, спявалi, барукалiся з казламi, баранамi.
3
Калi яны так весялiлiся, да iх падышоў стары, апрануты ў казлiную шкуру, абуты ў хадакi, на iм вiсела пастушыная торба, ды i тая старая. Ён прысеў да iх i так сказаў: "Я, дзеткi, стары Фiлет, шмат спяваў тут нiмфам, шмат разоў Пану там iграў на сiрынзе i толькi iгрою пасвiў вялiкi статак.
