Але яны не знiмалi болю. Спакутаванае цела замiнала табе, ты бясконца варочаўся з боку на бок, але табе не ўдавалася прыспаць яго. Тваё цела не забывала нi скалаў, нi снегу. Яны пакiнулi на табе свае адмецiны. Я разглядваў твой чорны апухлы твар, якi нагадваў пераспелы збiты яблык. Ты быў вельмi непрыгожы i няшчасны, цудоўныя прылады тваёй працы не слухалiся цябе: твае рукi былi абмарожаны, а калi ты сядаў на край ложка, каб аддыхацца, твае адмарожаныя ногi звiсалi, як дзве мёртвыя гiры. Ты ўсё яшчэ быў у дарозе, i задыхаўся, i трымцеў, а калi нiцма падаў у падушку, каб адпачыць у забыццi, шэсце зданяў, якое нецярплiва перамiналася за кулiсамi, iмгненна i гвалтоўна накiдвалася на твой мозг. I яно бясконца шпацыравала перад табою. I ты зноў i зноў уступаў у бой з ворагамi, якiя ўваскрасалi з попелу. Я падаваў табе лекi:

- Пi, дружа!

- Што больш за ўсё ўразiла мяне... ведаеш...

Нiбы баксёр-пераможца, увесь у сiняках ад прапушчаных жорсткiх удараў, ты зноў i зноў перажываў свой подзвiг. Ты расказваў патроху, урыўкамi, i табе пакрысе легчала. А мне ўяўлялася - вось ты iдзеш у люты саракаградусны мароз, у цябе няма нi ледаруба, нi вяровак, нi харчу, а ты караскаешся на адхоны вышынёй у чатыры тысячы пяцьсот метраў, крывавячы ногi, каленi i рукi, цi брыдзеш уздоўж вертыкальных абрываў. Ты спакваля трацiш i кроў, i сiлу, i свядомасць, але ты iдзеш наперад з упартасцю мураша, вяртаючыся на ўласныя сляды, каб абысцi перашкоду, падаючы i паднiмаючыся цi ўзбiраючыся на тыя схiлы, што абрывалiся ў бездань, не даючы сабе нiякага спачыну, iначай ты не змог бы ўжо ўстаць са снежнай пасцелi.

Так, калi ты спатыкаўся, ты мусiў як мага хутчэй падняцца, каб не закачанець. Сцюжа ўсё болей i болей скоўвала цябе, i калi ты дазваляў сабе хоць адну лiшнюю хвiлiну адпачынку, то, упаўшы, ты быў змушаны доўга варушыць сваiмi заледзянелымi мускуламi, перш чым мог падняцца.



24 из 122