
Кожны крок наперад спакваля ўсё болей аддаляў нас ад звычак, засвоеных намi з такой цяжкасцю, i цяпер мы сапраўды эмiгранты, якiя яшчэ не стварылi сваёй айчыны.
Усе мы - маладыя дзiкуны, якiх прыводзяць у захапленне новыя цацкi. Нашы палёты на самалётах не маюць iншага сэнсу. Самалёт паднiмаецца ўсё вышэй, лётае ўсё хутчэй. Мы забываем, дзеля чаго мы змушваем яго ляцець хутчэй. Пакуль сам палёт бярэ верх над мэтай палёту. I гэтак усюды i ва ўсiм. Салдат, якi заваёўвае землi для iмперыi, бачыць сэнс жыцця ў заваяваннях. Салдат з пагардай глядзiць на каланiста. Але ж ён дзеля таго i ваяваў, каб на заваяваных землях пасялiўся каланiст! У гарачцы нашых наступальных зрухаў мы прымусiлi людзей служыць пракладванню чыгунак, збудаванню заводаў, свiдраванню нафтавых шчылiн. Мы трошкi забылi, што ўзводзiм гэтыя збудаваннi дзеля таго, каб яны служылi людзям. Наш настрой у час заваёвы быў настроем салдат. Але цяпер нам трэба стаць пасяленцамi. Нам трэба абжыць гэты новы дом, якi яшчэ не мае свайго завершанага аблiчча. Для адных iсцiна заключалася ў тым, каб будаваць, для iншых яна цяпер - каб абжываць.
Безумоўна, дом наш паступова стане болей людскi. Сама па сабе машына чым болей дасканалiцца, тым болей засланяецца тою роллю, якую яна прызвана выконваць. Здаецца, што ўсе намаганнi чалавека ў прамысловасцi, усе яго разлiкi, усе яго бяссонныя ночы над чарцяжамi iмкнуцца толькi да аднаго - да прастаты, як, да прыкладу, спатрэбiўся вопыт шматлiкiх пакаленняў, каб з цягам выявiць лiнiю калоны, корпуса карабля цi фюзеляжа самалёта i надаць ёй беззаганную чысцiню лiнii грудзей цi пляча. Здаецца, што праца iнжынераў, чарцёжнiкаў, калькулятараў у канструктарскiх бюро толькi ў тым i заключаецца, каб глянцаваць i згладжваць, спрашчаць вось гэты стык, ураўнаважваць вось гэтае крыло датуль, пакуль яно перастане кiдацца ў вочы, калi ўжо ўбачыш не крыло, прымацаванае да фюзеляжа, а нейкую цудоўна разгорнутую форму, нарэшце, пазбаўленую сваёй абалонкi, нейкае адвольнае, цудадзейна знiтаванае адзiнства, - адзiнства паэмы. Здаецца, што дасканаласць дасягаецца не тады, калi няма ўжо чаго дадаць, а тады, калi няма чаго адкiнуць. У канцы свайго развiцця машына амаль перастае быць машынай.
