Дасканаласць вынаходнiцтва, такiм чынам, мяжуе з адсутнасцю вынаходнiцтва. Цудоўна, што тэхнiчная прылада паступова пазбаўляецца сваёй вiдавочнай механiчнасцi i рэч паўстае перад намi ў такiм натуральным выглядзе, як адшлiфаваная морам галька. Цудоўна i тое, што з цягам карыстання машына паступова прымушае забыцца пра яе.

Некалi мы мелi справу з вельмi складаным механiзмам. Але сёння мы забываемся, што матор круцiцца. Ён, нарэшце, стаў адпавядаць сваёй функцыi, якая заключаецца ў тым, каб круцiцца, гэтак, як сэрца - б'ецца, а мы ўжо не звяртаем на яго ўвагi. Гэтая ўвага ўжо не паглынаецца прыладай. Вызвалiўшыся ад прылады, але пры яе пасрэднiцтве, мы зноў набываем усё тую ж вечную прыроду - прыроду садоўнiка, мараходца i паэта.

З вадою ж, з паветрам жа мае справу лётчык, калi адрываецца ад зямлi. Калi маторы запушчаны, калi машына ўжо плужыць мора, гандола яго адзываецца, быццам гонг, на ўдары хваль, i пiлот усiм целам адчувае гэтае напружанае трымценне. Ён адчувае, як гiдраплан, набiраючы хуткасць, з кожнай новай секундай усё пакорлiвей перадае яму ўладу над сабой. Ён адчувае, як у гэтых пятнаццацi тонах металу выспявае дазвол яму на ўзлёт. Лётчык кладзе рукi на рычагi кiравання, i паступова, нетаропка яго нiшчымныя далонi прымаюць гэтую ўладу як дар. Ён завалодвае гэтым дарам, i металёвыя органы сiстемы кiравання ператвараюцца ў вестуноў ягонай магутнасцi. Калi яна канчаткова саспее, тады адным рухам, плаўнейшым ад таго, якiм падбiраецца плод, лётчык узнiмае машыну над водамi i вядзе яе ў нябёсы.

IV. САМАЛЁТ I ПЛАНЕТА

1

Так, самалёт, машына, канечне, аднак i якая прылада пазнання! Гэта ён дазволiў нам адкрыць сапраўднае аблiчча зямлi.



31 из 122