Ну сапраўды, дарогi вякамi ашуквалi нас. Мы былi падобны на тую царыцу, якой захацелася аб'ехаць свае ўладаннi i даведацца, цi шчасна жывецца людзям пад яе панаваннем. Каб ашукаць яе, яе палюбоўнiкi паставiлi ўздоўж дарогi, па якой яна ехала, некалькi вясёленькiх дэкарацый i нанялi за плату статыстаў, каб яны танцавалi там. I царыца нiчога не ўбачыла ў сваiм царстве, апрача той тоненькай пуцяводнай нiткi, яна так i не даведалася, што на падуладных ёй землях людзi памiралi з голаду i праклiналi яе.

Гэтаксама i мы брылi толькi па звiлiстых дарогах. А яны пазбягаюць бясплодных земляў, скалаў, пяскоў, яны служаць толькi патрэбам чалавека i бягуць ад крынiцы да крынiцы. Яны вядуць сялян ад свiрнаў да пшанiчных палёў, на парозе хлявоў сустракаюць яшчэ заспаны статак i на досвiтку адводзяць яго ў сакоўныя мурожныя лугi. Яны злучаюць адно сяло з другiм, бо з аднаго ў другое маладыя людзi ходзяць шукаць сабе пару. А калi якая-кольвечы дарога i адважваецца перасекчы пустыню, то яна iдзе на сотнi хiтрыкаў, толькi каб дабрацца да якога-небудзь аазiса.

Вось так, ашуканыя iхняй ухiлiстасцю, iхнiмi шматлiкiмi паблажлiвымi падманкамi, сустракаючы ў сваiх вандраваннях столькi плодных зямель, садоў, лугоў, мы доўга прыхарошвалi воблiк нашай турмы. Вiльготнай i лагоднай лiчылi мы нашу планету.

Але жыццё наша пасуровела, мы зрабiлi рашучы крок наперад. З дапамогай самалёта мы спасцiглi прамую лiнiю. Як толькi мы адарвалiся ад зямлi, мы пакiнулi гэтыя дарогi, што прыпадаюць да крынiчак i хлявоў цi вiюцца ад горада да горада. Выбаўленыя цяпер з салодкага рабства, незалежныя ад крынiц, мы бяром курс на нашы няблiзкiя мэты. I толькi цяпер, з вышынi прамалiнейнага палёту, мы адкрываем сапраўдны падзоркавы свет, засiлле скалаў, пяскоў i солi, дзе сям-там, быццам жменька моху на руiнах, асмельваецца закрасаваць жыццё.



32 из 122