
Мы ўладкоўваемся ў кабiне, будзем чакаць дня. Я кладуся спаць. Ужо засынаючы, падводжу вынiкi нашай прыгоды: мы абсалютна не ведаем, дзе знаходзiмся. У нас няма i лiтра вадкасцi. Калi мы не дужа адхiлiлiся ад трасы, нас адшукаюць у лепшым выпадку праз тыдзень, а гэта будзе занадта позна. А калi нас занесла далёка ўбок, то знойдуць праз паўгода. Няма чаго разлiчваць на самалёты: нас будуць шукаць у прасторы ў тры тысячы квадратных кiламетраў.
- Ах, шкода... - прамаўляе Прэво.
- Што?
- Усё ж магло скончыцца адразу!..
Але не варта так хутка адмаўляцца ад жыцця. Мы з Прэво бяром сябе ў рукi. Нельга трацiць надзеi, хай сабе цень надзеi - i, можа, адбудзецца цуд i выратаванне ўсё-такi прыйдзе з неба. Тым больш нельга сядзець на месцы, - а раптам паблiзу маецца якi-небудзь аазiс? Будзем хадзiць i шукаць цэлы дзень. А вечарам вернемся да самалёта. А перад адыходам вялiкiмi лiтарамi занатуем на пяску, дзе мы i што мяркуем рабiць.
Скручваюся ў клубок i засынаю аж да дня. Якое шчасце заснуць! Стома агортвае мяне безлiччу зданяў. Я не самотны ў пустынi, мая дрымота напоўнена галасамi, успамiнамi, пошапам прызнанняў. Мне яшчэ не хочацца пiць, я добра адчуваю сябе, я аддаюся сну, як прыгодзе. I ява адступае...
О, усё зусiм перайначылася, калi настаў дзень!
4
Я вельмi любiў Сахару. Я шмат начэй правёў у краi няскораных плямёнаў. Не раз прачынаўся сярод бязмежных бялёсых пяскоў, хвалiстых, як мора ад ветру. I засынаў пад крылом самалёта i чакаў дапамогi, - але цяпер гэта не iшло нi ў якое параўнанне.
Мы караскаемся па схiлах гарбатых узгоркаў. Дол - пясок, цалкам укрыты тонкiм слоем блiскучых чорных каменьчыкаў. Нагадваючы металiчную луску, купалы ўзгоркаў блiшчаць, як кальчуга. Мы трапiлi ў свет мiнералаў. Усё вакол закута ў браню.
Адолееш адзiн высокi пагорак, а воддаль узнiмаецца другi, гэткi ж блiскучы i чорны. Iдзём, шкрабаючы дол нагамi, каб пакiнуць па сабе пуцяводную нiць i потым вярнуцца па ёй назад, да самалёта.
