Крочым тварам да сонца. Насуперак усякай логiцы я вырашыў узяць курс на ўсход, хоць усё, i метэастанцыi, i час, праведзены ў палёце, прымушалi меркаваць, што я пераляцеў Нiл. Але калi я наважыўся трошкi прайсцi ў кiрунку на захад, мне богведама чаму стала нейк зусiм не па сабе. Не, на захад пойдзем заўтра. I ад поўначы пакуль адмовiмся, хоць гэтая дарога i вядзе да мора. Праз тры днi, калi мы ў паўтрызненнi вырашылi канчаткова пакiнуць разбiты самалёт i iсцi, iсцi, пакуль не пападаем, мы зноў-такi рушылi на ўсход. Дакладней, на ост-норд-ост. I гэта зноў-такi насуперак усякай логiцы, як, зрэшты, i насуперак усялякай надзеi. I потым, калi ўжо будзем уратаваны, мы выявiм, што нiякi iншы кiрунак не прынёс бы нам збавення, бо калi б мы пайшлi на поўнач, нам, надта ўжо знямоглым, усё роўна не ўдалося б дабрацца да мора.

Якой бы недарэчнасцю нi выглядала гэта, сёння мне здаецца, што пазбаўлены люб-якой падказкi, якая магла б прадвызначыць наш выбар, я абраў гэты напрамак толькi таму, што ён выратаваў у Андах майго сябра Гiёмэ, якога я так доўга шукаў. Ён падсвядома стаў для мяне напрамкам да жыцця.

Пасля пяцi гадзiн шляху краявiд мяняецца. Адзiнокая рака пяску нiбыта сцякае ў нейкую лагчынку, i мы пускаемся па ёй. Iдзём хутка, нам трэба прайсцi як мага болей i да ночы вярнуцца назад, калi нiчога не нагабаем. Раптоўна я спыняюся як укопаны:

- Прэво!

- Што?

- Сляды...

Калi ж гэта мы забылiся пакiдаць за сабой баразну? Калi мы не адшукаем яе - канец.

Вяртаемся назад, але бяром трошкi правей. Адыдзем як мага далей, павернем яшчэ раз пад прамым вуглом i тады напэўна перасячом стары след.

Звязаўшы гэтую нiтку, прастуем далей. Спёка ўзмацняецца, а з ёю нараджаюцца i мiражы. Але гэта пакуль сама элементарныя мiражы. На даляглядзе вялiкае возера, а падыдзеш блiжэй - i няма яго. Вырашаем перайсцi пясчаную лагчыну, падняцца на сама высокi ўзгорак i агледзець наваколле. Iдзём ужо шэсць гадзiн.



83 из 122