Адмахалi, вiдаць, добрых трыццаць пяць кiламетраў. Узбiраемся на вяршыню намечанага чорнага купала i моўчкi сядаем. Унiзе пясчаная рака, па якой мы iшлi, упадае ў пясчанае мора, без адзiнага каменьчыка - зiхоткая белата слепiць, рэжа вочы. Пустыня, як вокам ахапiць - пустыня. Але ўдалечынi пералiвы святла ствараюць новыя мiражы, куды болей хвалявальныя. Там узнiмаюцца крэпасцi i мiнарэты, высозныя будынiны з. выразнымi абрысамi. Яшчэ прыкмячаю вялiкую цёмную пляму, якая здаецца зялёным гаем, але яна аказваецца воблакам - апошнiм з тых, што ўдзень рассейваюцца i зноў уваскрасаюць пад вечар. Той гай - усяго толькi цень кучавога воблака.

Далей iсцi няма сэнсу, гэта нiчога не дасць. Трэба вяртацца да самалёта, гэты чырвона-белы бакен, магчыма, заўважаць нашы таварышы. Хоць я i не пешчу нiякiх надзей на iхнiя пошукi, i ўсё-такi толькi з паветра, можа прыйсцi выратаванне. А галоўнае, там, у самалёце, засталiся апошнiя кроплi вадкасцi, а мы болей не можам трываць, так хочацца пiць. Нам трэба вярнуцца - каб жыць. Мы вязнi гэтага жалезнага кола, мы ў палоне смагi, надоўга яна не адпусцiць.

Але як цяжка паварочваць назад, калi, магчыма, наперадзе - жыццё! Магчыма, там, за мiражамi, i сапраўды ўстаюць гарады, цячэ па каналах вада, зелянеюць лугi. Я ведаю, вярнуцца назад - проста неабходна. I ўсё ж, калi раблю гэты жудасны паварот, у мяне такое адчуванне, што я iду на дно.

Ляжым каля самалёта. За дзень мы адмахалi больш шасцiдзесяцi кiламетраў. Усё пiтво, якое ў нас было, выпiлi. Нiякiх прыкмет жыцця на ўсходзе не выявiлi, i анiводзiн наш таварыш у тым баку не пралятаў. Колькi мы яшчэ пратрымаемся? Нам ужо так хочацца пiць...

З абломкаў раструшчанага крыла склалi вялiкi касцёр. Прыгатавалi бензiн i лiсты толю, прапiтанага магнiем, якiя пры згараннi даюць рэзкi белы бляск. Пачакаем, каб зусiм сцямнела, i запалiм наш касцёр бедства... Але дзе яны, людзi?

I вось полымя ўжо шугае ўгору. Набожна глядзiм, як палае сярод пустынi наш сiгнальны агонь. Глядзiм, як ззяе ў мораку наша нямое праменнае пасланне. I я думаю - яно нясе ў сабе не толькi роспачную позву, але i любоў. Мы просiм пiць, але просiм i водгуку. Хай жа ўспыхне ў мораку ночы яшчэ якi-небудзь агонь, адны ж толькi людзi валодаюць агнём, хай жа яны адгукнуцца!



84 из 122