
Мне мрояцца вочы жонкi. Адны гэтыя вочы, нiчога болей. Яны дапытлiва глядзяць на мяне. Мне мрояцца вочы ўсiх, для каго я, магчыма, нешта значу. I ўсе гэтыя вочы дапытлiва глядзяць на мяне. Мноства позiркаў дакарае мяне за маё маўчанне. Але я адгукаюся! Я адгукаюся! Адгукаюся, як толькi магу, я не магу распалiць яшчэ ярчэй гэты агонь у начы!
Я зрабiў усё, што мог. Мы абодва зрабiлi ўсё, што маглi: шэсцьдзесят кiламетраў амаль без вады. Цяпер нам ужо няма чаго пiць болей. Хiба ж гэта наша вiна, што мы не зможам доўга пратрымацца? Мы б i рады слухмяна застацца тут i пацягваць з нашых бiклагаў. Але ў тую секунду, як я ўбачыў дно алавянага кубачка, нейкi маятнiк пусцiўся адмерваць час. У тую секунду, як я ўвабраў асалоду апошняй кроплi, я пакацiўся пад адхон. Што я магу зрабiць, калi час адносiць мяне, як рака? Прэво плача.
Ляпаю яго па плячы. Я супакойваю яго:
- Прападаць дык прападаць...
А ён у адказ:
- Калi вы думаеце, што я аплакваю сябе...
Ну, канечне, я i сам спасцiг гэтую iсцiну. Вытрываць можна ўсё на свеце. I заўтра, i паслязаўтра я зноў пераканаюся, што вытрываць можна лiтаральна ўсё на свеце. Я толькi напалову веру ў перадсмяротныя пакуты. Не ўпершыню прыходжу да такой высновы. Неяк я ўжо думаў, што так i патану, не выбраўшыся з кабiны самалёта, але гэта не вельмi мучыла мяне. Потым зноў быў выпадак, калi я ўжо не спадзяваўся ўцалець, але я не ўпадаў у роспач. Вось i зараз я не адчуваю нiякiх мучэнняў. Заўтра я зраблю адкрыццi яшчэ болей здзiўляльныя. I хоць мы запалiлi гэткае агромнiстае вогнiшча, бог сведка, я ўжо не спадзяюся, што наш поклiч дойдзе да людзей!..
"Калi вы думаеце, што я сябе..." Вось яно, вось што сапраўды невыносна. Штораз, як перада мной узнiкаюць гэтыя вочы, дзе столькi чакання, мяне як апякае. Раптоўнае жаданне апаноўвае мной - ускочыць на ногi i апантана бегчы. Там - клiчуць на дапамогу, там - гiнуць!
