
Дзiўны абмен ролямi, але я заўсёды думаў, што гэтак яно i ёсць. Аднак толькi Прэво дапамог мне зразумець, як гэта слушна. Ну вось, i Прэво таксама не адчувае таго страху перад смерцю, пра якi нам прадудзелi вушы. Але iснуе нешта такое, чаго ён не можа перанесцi гэтак жа, як i я.
О, з якой бы лёгкасцю згадзiўся я заснуць, заснуць на ноч цi навекi! Калi заснеш, будзе ўжо ўсё роўна. I тады - бязмежны спакой! А гэтыя воклiчы, што вось-вось панясуцца адтуль, гэтыя агромнiстыя кастры адчаю... я не магу iх вынесцi. Я не магу склаўшы рукi спакойна глядзець, як гiнуць людзi! Кожная секунда нашага маўчання паволi забiвае тых, каго я люблю. I вялiкi гнеў ускiпае ўва мне: навошта гэтыя ланцугi, якiя не даюць мне своечасова дабегчы i выратаваць тапельцаў? Чаму гэты агромнiсты касцёр не разносiць наш крык па ўсiм свеце? Патрывайце... Мы iдзём!.. Мы iдзём!.. Мы выратуем вас!
Магнiй згарэў, полымя кастра чырванее i гасне. Засталася толькi купiнка жару, мы падаёмся да яе, каб пагрэцца. Вось i завершана наша зiхоткае пасланне. А што зыначылася ў свеце? Э, я выдатна ведаю, што анiчога не зыначылася. Бо наша малiтва не магла быць пачута.
Ну што ж. Буду спаць.
5
На досвiтку мы анучай сабралi з уцалелага крыла некалькi кропель расы ўперамешку з фарбай i маслам. Было да нудоты агiдна, але мы выпiлi. Раз нiчога лепшага не мелася, то, прынамсi, хоць вусны змачылi.
Пасля гэтага банкету Прэво сказаў:
- Добра, хоць рэвальвер ёсць.
Гэта нечакана абурыла мяне, i я са злоснай варожасцю абярнуўся да яго. Нiшто ў гэты момант не выклiкала б у мяне большай нянавiсцi, як чуллiвая сцэна. Мне пазарэз неабходна было верыць, што ўсё проста, вельмi проста. I нарадзiцца. I вырасцi. I памерцi ад смагi.
