
Скоса пазiраю на Прэво, гатовы абарваць яго, калi трэба, толькi б ён маўчаў. Але не, Прэво прамовiў гэта спакойна. Для яго гэта пытанне ахайнасцi. Ён падышоў да гэтай тэмы так, як быццам прапанаваў мне: "Давай памыем рукi". У такiм разе, усё ў парадку. Я i сам падумаў пра гэта яшчэ ўчора, калi на вочы трапiла скураная кабура. Я разважаў цвяроза, а не ў адчаi. З адчаем думаеш толькi пра iншых. Пра тое, што мы бяссiльныя супакоiць усiх тых, за каго мы ў адказе. Рэвальвер тут нi пры чым.
Нас усё яшчэ не шукаюць, дакладней, нас, безумоўна, шукаюць, але не там, дзе трэба. Найверагодней, у Аравii. Толькi на другi дзень нам суджана было пачуць рокат матора, але да гэтага часу мы ўжо адышлi ад сваёй разбiтай машыны. Гэты адзiны далёкi-далёкi гул не ўзрушыў нас. Дзве чорныя кропкi ў пустынi, усеянай чорнымi кропкамi камянёў, - мы нiяк не маглi спадзявацца, што нас заўважаць. I памылкай будзе, калi нехта некалi падумае, што я пакутаваў ад гэтага. Я не адчуваў нiякiх пакут. Мне здавалася, што нашы ратаўнiкi кружаць недзе ў iншым свеце.
Калi самалёт загублены ў пустынi, дзесьцi ў пространi ў сотнi тысяч квадратных кiламетраў, яго хутчэй чым за два тыднi адшукаць немагчыма: а нас, вiдаць, шукаюць скрозь ад Трыпалiтанii да Персiдскага залiва. Але сёння я яшчэ чапляюся за гэтую саломiнку, таму што болей спадзявацца няма на што. I я мяняю тактыку: пайду на разведку адзiн. Калi хто адшукае нас, Прэво падасць мне знак - запалiць касцёр... Але нiхто нас не адшукае.
I вось я адыходжу, i нават не ведаю, цi знайду ў сабе сiлы вярнуцца. Прыгадваецца ўсё, што мне вядома пра Лiвiйскую пустыню. Калi ў Сахары сорак адсоткаў вiльготнасцi, дык тут яна падае да васемнаццацi. I жыццё выпарваецца, як туманок. Бедуiны, падарожнiкi, афiцэры-каланiсты сцвярджаюць, што без вады тут можна пратрымацца толькi дзевятнаццаць гадзiн. Па дваццатай гадзiне ў вачах пачынаюць мiгцець блiскаўкi i - гэта пачатак канца: смага накiдваецца на вас i б'е, як маланка.
Але гэты паўночна-ўсходнi вецер, гэты ненармальны вецер, якi так ашукаў нас, якi насупор усiм прагнозам прыкаваў нас да гэтага плато, зараз, безумоўна, падоўжыць наша жыццё. Але цi нашмат ён адтэрмiнуе нам першыя блiскаўкi ў вачах?
