
Я адыходжу, i ў мяне такое адчуванне, што я на кволым чаўнаку плыву ў акiян.
I ўсё ж на свiтаннi ваколле выглядае не гэтак ужо i змрочна. I спачатку я крочу, засунуўшы рукi ў кiшэнi, як марадзёр. Учора ўвечары мы расставiлi сiло ля нейкiх загадкавых нор, i ўва мне ачнуўся браканьер. Перш-наперш iду праверыць пасткi: яны пустыя.
Значыць, я так i не нап'юся свежай крывi. Па праўдзе кажучы, я на гэта i не спадзяваўся.
Але я нiколечкi не расчараваны, наадварот, мяне даймае цiкавасць. Чым жывяцца гэтыя звяркi ў пустынi? Гэта, безумоўна, "фенэкi", пясчаныя лiсы, дробныя драпежнiкi велiчынёй з труса i з даўжэзнымi вушамi. Я паддаюся спакусе i iду па следзе аднаго звярка. След прыводзiць да пясчанага ручая, дзе кожны крок фенэка адбiўся вельмi выразна. Я любуюся тонкiм пальмавым лiстком, якi пакiдае гэта лапка з трыма растапыранымi веерам пальцамi. Уяўляю, як на золку мой даўгавухi прыяцель трушком перабягаў ад каменя да каменя i злiзваў начную расу. Вось сляды пайшлi радзей: мой лiс пабег. Вось яму сустрэўся сабрат, i яны падрупалi далей разам. Я з нейкай дзiўнай радасцю сачу за гэтай ранiшняй прагулянкай. Як хораша бачыць, што i тут ёсць жыццё. I я нават трошкi забываюся, што хачу пiць...
А вось нарэшце i кладоўкi маiх лiсак. Воддаль адзiн да аднаго, па аднаму на сто метраў ледзь вiднеюцца над пяском дробненькiя чэзлыя кусцiкi не вышэй супоўнiцы; яны ўсе ўнiзаны маленыкiмi залацiстымi слiмакамi. На золаку фенэк ходзiць па харчы. I тут я натыкаюся на адну з вялiкiх таямнiц прыроды.
Мой лiс затрымлiваецца не ля кожнага кусцiка. Аднаго, хоць на iм i шмат слiмакоў, ён не чапае. Другога абыходзiць з вiдавочнай асцярогай. Да некаторага наблiжаецца, але аб'ядае не цалкам. Знiмае два-тры слiмакi i адпраўляецца ў iншы "рэстаран".
