Гадзiне а дзесятай увечары губернатар i падпалкоўнiк далучылiся да нас, але ненадоўга, таму што адлёт быў назначаны на чатыры гадзiны ранiцы, калi спадае спякота.

Мяне разбудзiў слуга негр. Надвор'е не прадвяшчала нiчога добрага. Дзьмуў моцны заходнi вецер. За сваё жыццё я правёў у палёце не адну тысячу гадзiн i саджуся ў самалёт без страху. Аднак я вельмi не люблю гэтых падарожжаў над джунглямi, дзе немагчыма прызямлiцца, альбо, калi цудам i сядзеш на якой-небудзь прагалiне, мала шансаў, што цябе знойдуць i падбяруць. Я спусцiўся паснедаць i ўбачыў за сталом Дзюга.

- Метэазводка дрэнная, - заклапочана паведамiў ён. - Пiлот прапануе адкласцi падарожжа, але начальнiк i слухаць не хоча, гаворыць, што яму ў дарозе шанцуе i, апроч таго, метэаролагi заўсёды памыляюцца.

- Будзем спадзявацца, - сказаў я. - Сёння вечарам я павiнен зрабiць даклад у Батоцы. Iншага спосабу дабрацца туды ў мяне няма.

- Мне то можна быць храбрым, - пажартаваў Дзюга. - Мне ляцець не трэба. Але я трымаюся думкi начальнiка... Катастрофы, прадугледжаныя зараней, не адбываюцца.

Праз некалькi хвiлiн з'явiлiся губернатар i яго жонка. Ён быў у белым мундзiры з ордэнскай планкай.

Мадам Бусар, элегантная, у спартыўным плаццi, хутчэй нагадвала дачку свайго мужа. Яна яшчэ не вызвалiлася ад дрымоты i гаварыла мала. На лётнай пляцоўцы (вялiзная прагалiна, выцерабленая ў лесе) мы знайшлi падпалкоўнiка з зухаватай iронiяй ён углядаўся ў навальнiчнае неба.

- Вы помнiце, - спытаў ён у мяне, - паветраныя ямы ў гарах, апiсаныя Сэнт-Экзюперы? Паветраныя ямы ў джунглях - значна горшыя. Пераканаецеся самi. Падрыхтуйцеся да танцаў. - I, звярнуўшыся да мадам Бусар, дадаў: - Вам трэба застацца тут, мадам.

- Аб гэтым не можа быць i гаворкi, - рашуча заявiла яна. - Я застануся, калi ўсе застануцца; я палячу, калi ўсе паляцяць.

Пiлот аддаў чэсць губернатару i адышоў разам з iм ад нашай групы. Я здагадаўся, што ён раiць адкласцi вылет i сустрэў супрацiўленне. Праз хвiлiну губернатар вярнуўся да нас i суха распарадзiўся:



5 из 14