Жахлiвае паведамленне яна выслухала без эмоцый, з дзiвоснай вытрымкай. Самалёт ляцеў зусiм нiзка. Я выразна бачыў вялiзныя жоўтыя хвалi i ў змрочным святле сагнутыя ветрам дрэвы. Пiлот трымаўся мяжы мiж лесам i морам, шукаючы прагалiны альбо палоскi пляжа. Я маўчаў, упэўнены, што гiбель наша непазбежная.

"I чаго панесла мяне сюды? - думаў я. - Сам сабе выбраў катаргу! Выступаць перад дзвюма-трыма сотнямi раўнадушных слухачоў?.. Дурное, нiкчэмнае падарожжа!.. Але што зробiш! Смерцi сваёй не мiнеш. Калi не тут, мяне мог бы раздушыць грузавiк у ваколiцах Парыжа, даканаць якi-небудзь мiкроб альбо выпадковая куля... Хутка ўбачым".

Не падумайце, што я хвалюся, выстаўляючы сябе цярплiўцам. Проста, як i ўсякi чалавек, я хапаўся за надзею, неразлучную з целам, i не хацеў верыць, пры ўсёй вiдавочнасцi, у блiзкую смерць. Розум знаходзiў доказы, а цела iх адхiляла. Падпалкоўнiк падышоў да пiлота i разам з iм пачаў пiльна ўглядацца ў брудна-жоўты акiян. Раптам ён ускiнуў руку. Самалёт рэзка нахiлiў крыло. Падпалкоўнiк павярнуўся, i на яго дагэтуль абыякавым твары мiльгануў прамень святла.

- Выспа, - далажыў ён.

- Вялiкая, можна на ёй прызямлiцца? - спытаў губернатар.

- Здаецца, можна.

Праз хвiлiну ён пацвердзiў:

- Так, напэўна... Давайце, Баэк.

Хвiлiн праз пяць мы прызямлiлiся на вузкай пясчанай касе дэльты, i пiлот так удала накiраваў самалёт цi, можа, яму пашанцавала, што той уклiнiўся памiж дзвюх пальмаў i, трымаючыся за iх, мог супрацiўляцца ветру. А вецер свiстаў i дзьмуў з такой сiлай, што вылезцi з самалёта было немагчыма. I што гэта дасць? Куды iсцi? Направа i налева - метраў сто мокрага пяску. Наперадзе i ззаду акiян. Мы выратавалiся на момант, уцалець надоўга можна было толькi цудам.

У гэтым адчайным становiшчы я захапляўся нашай спадарожнiцай. Яна анi не спалохалася, была спакойная i нават вясёлая.



7 из 14