
- Хто хоча есцi? - запытала мадам Бусар. - У мяне ёсць сандвiчы i фрукты...
Пiлот, якi прыйшоў да нас у кабiну, сказаў, што лепш прыберагчы прадукты, бо толькi бог ведае, як i калi мы адсюль выберамся. Ён паспрабаваў яшчэ раз паведамiць аб здарэннi па радыё, але адказу не атрымаў. Я зiрнуў на гадзiннiк. Было адзiнаццаць гадзiн ранiцы.
Апаўднi вецер трошкi прыцiх. Нашы пальмы добра ахоўвалi самалёт. Губернатар задрамаў. Я адчуваў сябе змардаваным i аслабелым. Я зажмурыў вочы, потым мiжвольна iх крыху расплюшчыў, ахоплены дзiўным уражаннем, быццам аднекуль павеяла на мяне цяплом i сiлай. I вось я заўважыў, як Жызэль i падпалкоўнiк абмянялiся позiркамi. Яны сядзелi блiзка адно ад аднаго. Выраз iхнiх твараў быў такi адданы, такi пяшчотны, што не магло быць сумнення: гэтыя двое былi каханак i яго палюбоўнiца. Яшчэ ўчора вечарам я прадчуваў гэта, сам не ведаю чаму, бо iх паводзiны былi пры чужых бездакорныя. Я хутчэй заплюшчыў вочы i ад вялiкай стомленасцi заснуў.
Мяне разбудзiў шквалiсты парыў ветру, якi так скалануў самалёт, што, я думаў, вырве яго разам з пальмамi.
- Што такое? - запытаў я.
- Бура аднавiлася, i вада прыбывае, - адказаў пiлот не без горычы. - На гэты раз мы загiнем, месье. Праз гадзiну мора затопiць гэты астравок... i нас.
Ён глянуў на губернатара з дакорам, нават злосна, i дадаў:
- Я брэтонец, веру ў бога... Буду малiцца.
Учора мне сказаў Дзюга, што паводле палiтычнай традыцыi губернатар заядлы антыклерыкал, аднак да мiсiянераў ставiцца добразычлiва, паколькi яны яму робяць значныя паслугi. Малiцца ён не збiраўся, але пiлоту свайму не пярэчыў. У гэты момант пачуўся трэск: ураганны вецер расшчапiў пальму злева. Наблiжаўся канец. I тады Жызэль, вельмi бледная, у нейкiм палымяным натхненнi, кiнулася да маладога падпалкоўнiка:
- Раз мы ўсе памром, я хачу памерцi ў тваiх абдымках.
I, павярнуўшыся да свайго мужа, яна дадала:
- Даруйце мне, Эрык... Я рабiла ўсё, каб пазбавiць вас гэтага болю... Цяпер жа ўсё скончана, i для мяне i для вас... Я не магу больш iлгаць.
