
Я i такое бачыў, як раптоўна, Аддаўшыся самохаць волi хмар, Iшоў на захад уладар чароўны, Схаваўшы сплямлены, як катам, твар.
Так i маё ўзыходзiла свяцiла, Пазалацiўшы мой шчаслiвы час. Так i маё нядоўга мне свяцiла, З iм час шчаслiвага кахання згас.
Калi на небе сонца мае плямы, Чаму ж не быць iм у зямных таксама?
34
Ты мне цудоўны дзень дакляравала, Каб без плашча ў дарогу я пайшоў. I ты ж дазволiла, каб хмар навала Мяне дагнала, твой зацьмiўшы схоў.
I што з таго, што дождж утаймаваны, Табой абсушан збiты бурай твар? Цi ж то бальзам, што звонку гоiць раны, А ў асяродку не спыняе жар?
Твая спагада не ўтаймуе сэрца, Ад смутку зелля мне не прынясе. Ўсё той жа крыж пакуты застанецца, А ў сэрцы крыўды застануцца ўсе.
Але ты плачаш. Перлы шчырых слёз На выкуп крыўд усiх мне лёс прынёс.
35
Ты не сумуй! Усюды хiбы ёсць: На ружах дзiды, твань на дне крынiцы, Чарвяк нiкчэмны блоцiць прыгажосць, А сонца ценем месяца зацьмiцца.
Ўсе памыляюцца. I я не мепш, Даруючы табе грахi цяжкiя. Я грэшны сам, i грэшны гэты верш, Калi не бачыць хiбы ён такiя.
Цябе я вiнавачу на судзе I на судзе ж цябе абараняю. Куды любоў i ненавiсць вядзе: Я сам з сабой вайну распачынаю!
Ты абакраў мяне, цудоўны злодзей, А я цяпер прашу цябе аб згодзе!
36
Хоць мы ўдваiх з табой дасюль былi, Адна iстота мы ў сваiм каханнi. Калi дакор нам выслiзне калi, Няхай да аднаго мяне прыстане.
Такая доля суджана для нас: Бягуць асобна нашы каляiны. Нас пазбаўляе асалоды час, Крадзе ў кахання светлыя хвiлiны.
Не разумею, ў чым мая вiна, Чаму любоў хаваць я мушу ў сэрцы? I ты, каб ганьбу не пазнаць да дна, Са мной не можаш пры людзях сустрэцца.
Хай так i будзе! Гонар чысты твой, Як i любоў, - ён разам з тым i мой!
37
Старым бацькам уцеху сын дае, Упэўненасць дае ў юнацкай сiле. Так i мяне ўсе вартасцi твае На схiле дзён нiбы уваскрасiлi.
Твой розум ясны, слава, прыгажосць, Здароўе, род славуты старадаўнi Усё найлепшае, ў табе што ёсць, Перадаецца мне з замiлаваннем.
