
Сабо сцiпла ўсмiхнуўся i спытаўся:
- Цi нельга трохi адкласцi гэтае прычасце?
Але святар зноў спахмурнеў:
- Перад тым, як даверыць вам работу, я хачу пераканацца ў вашым далучэннi.
I мякка дадаў:
- Прыходзьце да споведзi заўтра, бо трэба, каб вы спавядалiся, прынамсi, двойчы.
Сабо перапытаў:
- Двойчы?
- Але.
Святар усмiхаўся:
- Вы ж разумееце, што вам патрэбна грунтоўная чыстка, поўнае ачышчэнне. Значыць, буду чакаць вас заўтра.
Вельмi ўсхваляваны сталяр спытаўся:
- А дзе вы робiце гэта?
- У... у спавядальнi.
- У... той шафе, там у куце? Ведаеце... усё ў тым, што... ваша шафа не па мне.
- Чаму гэта?
- Таму... таму, што мне гэта нязвычна, i таму, што я глухаваты.
Плябан аказаўся згодлiвы:
- Добра! Тады прыходзьце да мяне, у мой пакой. Мы зробiм гэта ўдвух, сам-насам. Згода?
- Вось цяпер згода, а ў вашу шафу - нiзашто.
- Дык да заўтра, па рабоце, а шостай.
- Па руках, лады на тры гады, пане дабрадзею, да заўтрага. Хто перадумае слiняк!
I ён падаў сваю вялiкую шурпатую руку, па якой плябан гучна пляснуў сваёй.
Пляск падляцеў пад скляпенне i сцiхнуў дзесьцi высока за арганнымi трубамi.
Увесь наступны дзень Тэадзюль Сабо непакоiўся. Ён адчуваў сябе гэтак жа пагана, як чалавек, якому будуць рваць зуб. У галаве ўвесь час круцiлася думка: "Сёння ўвечары мне спавядацца". I яго хiсткая душа, душа нясталага атэiста, трэслася перад Божым таiнствам.
Скончыўшы працу, ён пайшоў у плябанiю. Святар гуляў у прысадах, чакаючы яго з малiтоўнiкам у руках. Ён быццам свяцiўся i сустрэў яго з прыхiльнаю ўсмешкаю:
- А, вось i вы. Заходзьце, пан Сабо, вас тут не з'ядуць.
Сабо ўвайшоў першы. Ён прамармытаў:
- Калi вам не цяжка, мне б хацелася як мага хутчэй скончыць нашу справу.
