
* Уга (гiшп.).
- Дзякуй. Ты радуеш маё сэрца. Спадзяюся, у моры не плавае рыбiна, з якой бы мы не справiлiся.
- Нямашака такой рыбiны, калi кажаш, што ты гэткi ж дужы, як i раней.
- Магчыма, я не такi дужы, як мне здаецца, - сказаў стары чалавек. - Але я ведаю шмат хiтрыкаў i не завагаюся.
- Зараз табе трэба паспаць, каб ранiцай чуцца бадзёрым. Я занясу начынне на "Тэрасу".
- Ну дык дабранач. Я пабуджу цябе ўраннi.
- Ты мой будзiльнiк, - сказаў хлопчык.
- Мой узрост - будзiльнiк. Чаму старыя людзi так рана прачынаюцца? Цi не дзеля таго, каб падоўжыць, магчыма, апошнi свой дзень?
- Не ведаю, - сказаў хлопчык. - Адзiнае, што мне вядома: маладыя хлопцы спяць моцна i прачынаюцца позна.
- Я гэта памятаю, - сказаў стары чалавек. - Пабуджу цябе своечасова.
- Не хачу, каб мяне будзiў ён. Як паслугача.
- Разумею.
- Спi соладка, стары дружа.
Хлопчык знiк. На стале падчас iхняй вячэры не было нiякага святла, i стары чалавек, зняўшы нагавiцы, пайшоў да ложка ў цемры. Ён скруцiў нагавiцы, паклаўшы ўсярэдзiну газету, i атрымалася падушка. Захутаўшыся ў коўдру, стары чалавек лёг на iншыя старыя газеты, што прыкрывалi спружыны ложка, i заснуў.
Спаў ён нядоўга i снiў Афрыку, дзе быў у юнацтве: доўгiя, несканчоныя, то залацiстыя, то бялюткiя - аж вачам балюча - берагi, высокiя мысы i магутныя карычневыя горы. Цяпер ён кожную ноч жыў на тым узмор'i, чуў у снах, як шумiць прыбой, бачыў, як хвалi ягоныя ўзнiмаюць i апускаюць лодкi тубыльцаў.
Ён спаў i адчуваў пах смалы i пакулля, як на палубе, а ўраннi берагавы вецер прыносiў пах Афрыкi.
Звычайна, калi да яго далятаў вецер, ён прачынаўся i, апрануўшыся, iшоў будзiць хлопчыка. Але гэтай ноччу пах берагавога ветру завiтаў нашмат раней, i ён ведаў, у сне, што яшчэ занадта рана, i таму снiў аснежаныя пiкi на Канарскiх выспах, што ўставалi з мора, а потым розныя тамтэйшыя гаванi i рэйды.
