
- Птах - добры памочнiк, - сказаў стары чалавек. Якраз тады шнур, што быў злучаны пятлёю з колцам нiта ў карме, напяўся пад яго нагой, якою ён прыцiскаў пятлю, ён выпусцiў вёслы i, моцна ўзяўшыся за шнур i адчуўшы вагу невялiкага тунца, што тузаўся ды торгаўся, стаў выбiраць той у лодку. Рыба торгалася з усё большай зацятасцю, калi ён выцягваў шнур, i стары чалавек мог бачыць у вадзе блакiтную спiну тунца i золата бакоў, перш як ён рыўком падцягнуў яго да борта i шпурнуў у лодку. Тунец ляжаў на карме на сонцы, тугi ды ашчадна-зграбны, як адлiтая куля, вырачыўшы вялiкiя неразумныя вочы, выбiваючы з сябе жыццё хуткiмi дрыготкiмi ўдарамi аб лодку акуратнага гожага хваста-блiскаўкi. Стукнуўшы яго па галаве палкай, каб не мучыўся, стары чалавек нагою пхнуў тунца, што ўсё яшчэ ўздрыгваў, у цень пад карму.
- Альбакор*, - услых вымавiў ён. - З яго будзе цудоўная прынада. Ён заважыць дзесяць фунтаў.
* Даўгапёры тунец.
Стары чалавек не памятаў, калi ўпершыню пачаў думаць уголас, як быў сам-насам з сабою. Ён спяваў на адзiноце, а часам напяваў уночы, у самоце несучы вахту на смэках* або на "чарапашых лодках".
* Смэк - невялiкае аднамачтавае рыбалоўнае судна, звычайна, шлюп або тэндар.
Вiдаць, ён пачаў размаўляць услых адзiн, як хлопчык пайшоў ад яго. Але дакладна ён не памятаў. Ловячы рыбу разам, яны перамаўлялiся з хлопчыкам звычайна толькi наконт сама неабходнага. Гутарылi ж яны ўночы альбо калi дрэннае надвор'е затрымлiвала iх на беразе. Уважалася за вартасць не размаўляць у моры без патрэбы, i стары чалавек заўжды лiчыў якраз так i шанаваў гэты закон. Але зараз ён выказваў свае думкi ўголас шмат разоў, бо не было побач нiводнае жывое душы, каб яны маглi каго раздражняць.
- Калi б хто пачуў, як я вось так гучна размаўляю, залiчыў бы мяне ў вар'яты, - вымавiў ён услых. - Але ж я не вар'ят, i таму гэта мяне зусiм не турбуе. I апрача таго, багацейшыя маюць радыёпрыймачы, якiя гутараць з iмi ў iхнiх лодках i расказваюць iм пра бейсбол.
