"Цяпер не час займаць галаву бейсболам, - падумаў ён. - Цяпер трэба рупiцца пра адну-адзiную рэч. Тую, дзеля якой я нарадзiўся. Магчыма, акурат паблiзу гэтай чарады ёсць вялiкая рыбiна. Я падабраў усяго толькi блуднiка, што адбiўся ад альбакораў, якiя тут кормяцца. Але яны; жывячыся, рухаюцца далёка i хутка. Усё, што паказваецца сёння на паверхнi, шыбуе вельмi хутка i на паўночны ўсход. Можа, зараз гэткая пара дня? А магчыма, гэта нейкая прыкмета, звязаная з надвор'ем, якой я не ведаю?"

Ён не мог цяпер бачыць зелянiны берага, адно толькi вяршынi блакiтных узгоркаў, што выглядалi цяпер белымi, як быццам былi пакрытыя снегам, ды аблокi, нiбы высокiя снежныя горы над iмi. Мора было вельмi цёмнае, i сонечнае праменне праламлялася ў вадзе, як у прызме. Мiрыяды плямак планктону былi раптоўна знiшчаны высокiм сонцам, i толькi вялiзныя глыбокiя прызмы ў сiняй вадзе бачыў стары чалавек, пiльнуючы шнуры, што беззаганна проста iшлi ў ваду глыбiнёю ў мiлю.

Тунцы, а рыбакi ўсiх гэткiх рыб звалi тунцамi i толькi тады прыгадвалi iхнiя назовы, калi даходзiла да продажу або калi абменьвалi тых на прынады, зноў сышлi ў глыбiню. Сонца было гарачае, старому чалавеку моцна грэла ў патылiцу, i той адчуваў, вяслуючы, што па спiне ў яго сочыцца пот. "Я мог бы проста дазволiць плынi несцi мяне, - падумаў ён, - ды спаць, накiнуўшы пятлю шнура на палец нагi, каб абудзiцца. Але сёння мiнае восемдзесят пяць дзён, i я павiнен рыбачыць кожны дзень як след".

Якраз у гэты момант, паглядзеўшы на шнуры, ён убачыў: адзiн са свежавыразаных прутоў рэзка пацягнула ўнiз.

- Але, - сказаў ён. - Але, - i нячутна склаў вёслы ў лодку. Ён пацягнуўся па шнур i вось ужо лагодна трымаў яго памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi правай рукi. Ён не адчуваў нi напругi, нi вагi, трымаў шнур без высiлку. Потым рыба пацягнула зноў. Цяпер торганне было як бы пробнае, не моцнае i не цяжкое, i ён ведаў дакладна, што гэта. На глыбiнi ста сажняў марлiн* церабiў сардзiны, што пакрывалi вастрыё i стрыжань кручка там, дзе кручок ручной коўкi вытыркаўся з галавы малога тунца.



19 из 71