
* Марлiн - уласна марлiн, рыба, роднасная меч-рыбе; меч-рыба.
Стары чалавек, далiкатна трымаючы шнур, мякка, левай рукой адвязаў яго ад прута. Зараз ён мог дазволiць яму бегчы памiж пальцаў гэтак, што рыба не адчувала нiякай напругi.
"Так далёка ад берага ён павiнен быць вялiзны ў гэтым месяцы, - падумаў стары чалавек. - Еш iх, рыба. Еш iх. Прашу цябе, еш iх. Якiя свяжуткiя яны! А ты, там, унiзе, на глыбiнi шасцiсот футаў у гэтай халоднай вадзе, у цемрадзi. Павярнiся яшчэ раз у гэтай цемрадзi ды зноў за iх бярыся".
Ён адчуў лёгкае асцярожнае тузанне, а пасля мацнейшае, гэта калi патрэбны быў пэўны высiлак, каб сарваць галаву сардзiны з кручка. Потым не было нiчога.
- Давай, давай, - услых сказаў стары чалавек. - Павярнiся яшчэ раз. Толькi панюхай iх. Праўда, цудоўныя? Паеш iх напоўнiцу зараз, а тады возьмешся за тунца. Цвёрды, халодны, прыемны на смак. Будзь смялейшая, рыба. Еш iх.
Ён чакаў са шнуром памiж вялiкiм i ўказальным пальцамi, назiраючы за iм, а таксама, адначасна, i за iншымi шнурамi, бо рыба магла шуснуць угару або ўнiз. Потым паўтарылася тое асцярожнае тузанне.
- Ён возьме яго, - уголас вымавiў стары чалавек. - Божа, дапамажы яму ўзяць яго.
Але ён не ўзяў. Ён знiк, стары чалавек не адчуў больш анiчога.
- Ён не мог пайсцi. Ён паварочваецца. Магчыма, ён ужо трапляў на кручок i штосьцi памятае пра гэта.
Раптам ён адчуў лагодны дотык да шнура i моцна ўсцешыўся.
- Ён проста паварочваўся. Ён возьме яго.
Стары чалавек узрадаваўся, адчуўшы мяккае тузанне, а пасля - штосьцi моцнае i неверагодна цяжкае. Гэта быў цяжар рыбы, i ён усё вызваляў i вызваляў шнур, адмотваючы першы з рэзервовых скруткаў. Той спаўзаў унiз, лёгка слiзгаў памiж пальцамi старога чалавека, i ён услед адчуваў, якi ў рыбы вялiзны цяжар, хоць ледзь прытрымлiваў шнур вялiкiм i ўказальным пальцамi.
