
"Давай, падсiлкоўвайся, - падумаў ён, гледзячы ў цёмную ваду на закiнуты шнур. - З'еш гэта зараз, i ўмацуеш сваю руку. Не рука тут вiнаватая, i ты шмат гадзiн быў з рыбiнай. I, магчыма, будзеш з ёю вечна. А зараз еш банiта".
Ён падняў кавалак, паклаў у рот i стаў павольна жаваць. Смак быў даволi прыемны.
"Жуй, як след, - падумаў ён, - каб выцiснуць усенькi сок. Вядома, было б няблага мець зараз крыху лайма* або лiмон, або соль".
* Лайм - цытрон.
- Як чуешся, рука? - спытаўся ён у рукi, здранцвелай гэтак, што льга было згадаць rigоr тоrliз*. Я з'ем трохi болей дзеля цябе.
* Трупнае скарчаненне (лац.).
Старанна жвакаючы, ён спажыў другую частку таго кавалка, што разрэзаў папалам, а пасля выплюнуў скуру.
- Цi не робiцца табе лепей, рука? Пэўна, занадта рана пытаюся?
Ён узяў ды стаў жаваць другi цэлы кавалак.
"Дужая паўнакроўная рыба, - падумаў ён. - Мне пашэнцiла, што я злавiў яе, а не дэльфiна. Дэльфiн - той задужа салодкi. А гэтая - ледзь-ледзь, i ўся ейная моц захавалася.
Не выпадае быць непрактычным, - падумаў ён. - Шкада, што ў мяне няма крыху солi. Бо невядома, высушыць сонца тое, што засталося, цi зробiць гнiллём. Таму мне лепей з'есцi i астатняе, хоць я не галодны. Рыба з кручком плыве сабе. З'ем усё i тады буду гатовы".
- Набярыся цярпення, рука, - сказаў ён. - Я раблю гэта для цябе.
"З большай ахвотай я кармiў бы рыбiну, - падумаў ён. - Марлiн - мой брат. Але я мушу забiць яго, таму павiнен быць дужы". Паволi, засяроджана стары чалавек спажыў усе клiнападобныя скрылiкi.
Ён выпрастаўся i выцер рукi аб порткi.
- А зараз, - сказаў ён, - можаш выпусцiць шнур, рука, i я спраўлюся з iм адной правай рукой, пакуль у цябе не пройдзе гэтая трасца. - Ён паставiў нагу на цяжкi шнур, якi раней трымала левая рука, i зноў напружана ўгнуў спiну.
- Божа, дапамажы мне пазбыцца гэтай здранцвеласцi, - сказаў ён. - Бо хто ведае, цi не выкiне рыба якога конiка.
