
"Але пакуль што марлiн спакойны, - падумаў ён, - i трымаецца свайго плана. Толькi што ў яго за план? I цi ёсць ён у мяне? Мой план я мушу дастасаваць да ягонага, зважаючы на вялiзны марлiнаў памер. Калi ён вынырне, пакажацца, я змагу яго ўхайдолiць. Але ён, вiдаць, надумаў заставацца там заўжды. Дык i я застануся з iм назаўжды".
Ён пацёр скурчаную руку аб нагавiцы i памкнуўся размяць непаслухмяныя пальцы. Але рука не расцiскалася. "Мажлiва, сонца ёй дапаможа, - падумаў ён. Мажлiва, яна расцiснецца, калi ператравiцца дужы сыры тунец. Калi мне трэба расцiснуць руку, я зраблю гэта, чаго б яно нi каштавала. Але не цяпер, не ўжываючы сiлу. Хай здранцвенне пройдзе само, хай рука акрыяе самохаць. Цi ж не я знявечыў яе ўночы, калi было неабходна выслабанiць ды злучыць тыя шнуры?"
Ён глянуў удаль на мора, i да яго прыйшла думка: якi ён цяпер адзiнокi. Але тут ён угледзеў у глыбокай цёмнай вадзе прамянiстыя прызмы i ўбачыў шнур, што цягнуўся за кармою, i кранутую дзiўнай хвалiстасцю роўнядзь. Воблакi збiралiся ў кучы, як бывае перад пасатам, ён зiрнуў угару i ўбачыў чараду дзiкiх качак, што вырысоўвалася, як на гравюры, на небе над вадою, пасля яна зацягнулася смугою, потым выразна паўстала зноў, i ён спасцiгнуў, што чалавек нiколi не бывае самотны ў моры.
Ён падумаў, як баяцца некаторыя людзi заплываць у малых лодках у адкрытае мора, адкуль не вiдаць сушы. Яны маюць рацыю ў тыя месяцы, калi надвор'е раптоўна пагаршаецца. Але зараз была пара цыклонаў, а калi iх, цыклонаў, у такi час няма, гэта найлепшая пара ва ўсiм годзе.
Калi цыклон наблiжаецца, а ты ў моры, заўжды ёсць ягоныя прыкметы на небе за колькi дзён наперад. На беразе не кожны iх бачыць, бо i не ведае, што яны ёсць: у форме воблакаў, напрыклад. Але зараз цыклона не чакаецца.
Ён падняў галаву i ўбачыў: белыя кучавыя воблакi, што грудкi марозiва, дружна збiралiся да купы, а яшчэ вышэй як бы тонкае пер'е прылiпла да высокага вераснёўскага неба.
