
- Лёгкi brisa*, - сказаў ён. - Надвор'е лепшае для мяне, як для цябе, рыба.
* Брыз (гiшп.).
Ягоная левая рука была па-ранейшаму скурчана, але паволi ён адгiнаў пальцы.
"Ненавiджу здранцвенне, - падумаў ён. - Тваё ўласнае цела табе здраджвае. Сорам, калi ў цябе на людзях панос ад сапсаванай рыбы цi мяса або ты ванiтуеш ад iх. Але здранцвенне (ён думаў пра яго як пра саlатbrе*) асаблiва прынiжае чалавека тады, калi ён адзiн. Калi б хлопчык быў тут, ён бы расцёр мне руку ад перадплечча i зняў анямеласць. Але яна паздаравее".
* Здранцвенне (гiшп.).
Ён адчуў правай рукой, што рыба тузае шнур не гэтак, як раней, i тады ўбачыў, што шнур мае iнакшы нахiл. Пасля, калi ён налёг на шнур, а левай рукой моцна i хутка ляпнуў па сцягне, то ўбачыў, як шнур пацiху iдзе ўгору.
- Ён выплывае на паверхню, - сказаў стары чалавек. - Ажывай, рука. Калi ласка, ажывай.
Шнур выходзiў паволi, але няспынна, i неўзабаве паверхня вады ўзнялася перад лодкай, i марлiн выплыў. Ён выныраў несканчона доўга, i вада сцякала з ягоных бакоў. Яскравы на сонцы, галаву i спiну ён меў цёмна-лiловыя, а шырокiя палосы на баках - светлага лавандавага колеру. Яго шабля была доўгая, як бейсбольная бiтка, i звужаная, што рапiра, i ён падняўся на ўвесь рост з вады i пасля зноўку сягнуў туды, плаўна, усё адно як ныральшчык, i стары чалавек бачыў, як хаваецца ў вадзе вялiзны, падобны на лязо касы, хвост i як папоўз унiз шнур.
- Ён на два футы даўжэйшы за мой човен, - сказаў стары чалавек.
Шнур iшоў унiз хутка, але не сутаргава, i рыба не была спуджаная. Стары чалавек намагаўся абедзвюма рукамi ўтрымлiваць такую напругу, якая яшчэ была бяспечная. Ён ведаў, што калi не здолее запаволiць рыбу разважным мерным цiскам, тая можа забраць увесь шнур i парваць.
"Гэта вялiзны марлiн, i я мушу адужаць яго, - падумаў ён. - Я не павiнен дазволiць яму ўведаць сваю ўласную моц, анi тое, што ён мог бы зрабiць, пусцiўшыся наўцёкi. Калi б гэта быў я, дык напружыў бы ўсе свае сiлы i даў ходу, пакуль штосьцi не парвалася б. Але, дзякуй Богу, яны не такiя разумныя, як мы, хто выймае з iх дух, хоць яны болей спрытныя i высакародныя за нас".
