
- Марлiн - таксама мой сябра, - сказаў ён услых. - Гэткага я нiколi не бачыў i не чуў, што ёсць такi. Але я павiнен забiць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забiць зоры.
"Уявi, што было б, калi б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, падумаў ён. - Месяц жа не стаiць на месцы. А можаш сабе ўявiць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзiлiся шчаслiвыя", - прыйшоў ён да высновы.
Потым яму стала шкада вялiзную рыбiну, якая не мела чаго есцi. Але яго рашучы намер даканаць марлiна нiяк не паслабеў ад таго шкадавання. "Як багата людзей накормiць ён, - разважаў стары чалавек. - Але цi вартыя яны есцi яго? Ну, безумоўна, не. Няма анiкога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзiць, з такiм пачуццём годнасцi".
"Я не дужа разумею гэтыя рэчы, - падумаў ён. - Але добра, што нам не трэба намагацца забiць сонца або месяц, або зоркi. Досыць таго, што мы жывiмся морам i вымаем дух з нашых праўдзiвых сяброў.
А цяпер, - падумаў стары чалавек, - трэба вырашыць з тармажэннем. Яно мае свае хiбы i свае вартасцi. Я магу згубiць гэтулькi шнура, што згублю i марлiна, калi той рване ад мяне, а тормаз - звязаныя адно з другiм вёслы будзе на месцы, i лодка згубiць усю сваю лёгкасць. Вядома, ейная лёгкасць доўжыць нашыя супольныя пакуты, але яна ж - зарука маёй бяспекi, бо ён здатны на вялiзную хуткасць, якою яшчэ нiколi не карыстаўся. Што б там нi было, я павiнен растрыбушыць дэльфiна, каб не сапсуўся, i трохi з'есцi, каб захаваць сiлу.
Зараз я адпачну яшчэ гадзiнку, пагляджу, цi гэткi ж ён моцны, што быў, i цi гэтак жа, як раней, плыве, а потым падамся на карму са сваiм рупескам i цвёрда наважу, што рабiць. Тым часам я магу назiраць, як ён трымаецца i цi нямашака з iм якiх змен. Вёслы - добрая прыдумка, але зараз гуляць трэба з аглядкай! Гэта яшчэ рыба хоць куды, i я заўважыў, што кручок быў у куце рота, i рот быў шчыльна закрыты. Такой бяды той кручок. Голад - вось што яму дапякае, i тое, што супроць яго якаясьцi незразумелая яму сiла. Спачывай зараз, старэча, а ён хай сабе працуе, пакуль твой чарод не прыйдзе".
