Ён адпачываў, як яму здалося, гадзiны дзве. Месяц узышоў на небе позна, толькi па iм ён мог вызначыць час. Дый цi адпачываў ён узапраўды? Стары чалавек, як i раней, нёс на сваiх плячах няспынную цягу рыбы, але ён паклаў левую руку на планшыр лодкi i ўсё больш давяраўся лодцы самой, ейнаму супрацiву рыбiне. "Як было б проста i добра, калi б я мог напяць шнур моцна, падумаў ён. - Але калi марлiн раптоўна толькi падасца ўбок, то парве яго. Я павiнен змякчаць напругу шнура сваiм целам i ў любы час быць гатовы адпусцiць той абедзвюма рукамi".

- Але ты яшчэ не спаў, старэча, - сказаў ён уголас. - Гэта ж палова дня i ноч, i другi дзень, а ты яшчэ не спаў. Ты павiнен вынайсцi спосаб, як трохi паспаць, калi ён спакойна плыве. Не сплючы, у галаве возьме i памутнее.

"Але галава ў мяне ясная, - падумаў ён. - Дужа ясная. Я такi ж ясны, як зоркi, а мы - радня*. I ўсё ж я павiнен паспаць. Зоркi спяць, i месяц, i сонца спiць, i нават акiян спiць часам, у пэўныя днi, калi плынь замiрае, калi ягоная паверхня гладзюсенькая.

* Лiтаральна - браты.

Але не забудзься пра сон, - падумаў ён. - Трэба сябе змусiць, а пасля прыдумай штосьцi простае i пэўнае наконт шнуроў. Iдзi назад i прыгатуй дэльфiна. Гэта занадта небяспечна: прыстасоўваць вёслы для тармажэння, калi ты павiнен спаць".

- Я мог бы абысцiся без сну, - сказаў ён сабе. - Але гэта было б задужа небяспечна.

Ён рачкi стаў прабiрацца назад на карму, намагаючыся не таргануць шнуром, якi трымаў марлiн. "Мажлiва, яго самога зморвае сон, - падумаў стары чалавек. Але я не хачу, каб ён адпачываў. Ён павiнен цягнуць, пакуль не зойдзецца".

Зноў апынуўшыся на карме, стары чалавек павярнуўся гэтак, што адна яго левая рука вытрымлiвала цяпер тое, што раней плечы, i правай рукой дастаў нож з похвы.



41 из 71